viasna on patreon

Новы год будзе цяжкім для беларускіх інтэрнэт-СМІ, прагназуюць эксперты

2012 2012-01-03T09:04:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Як зазначыў у інтэрв'ю БелаПАН медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, мінулы год стаў выпрабаваннем для беларускіх журналістаў не толькі ў плане рэпрэсій.

"Журналістам трэба было праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю адносна палітычных працэсаў над кандыдатамі ў прэзідэнты і членамі іх штабоў. Апрача таго, па справе аб тэракце ў мінскім метро журналісты павінны былі праяўляць мужнасць, каб звярнуць увагу на ўсе неадпаведнасці судовага працэсу", — зазначыў Быкоўскі.

Паводле яго слоў, сур'ёзным ударам для медыясферы стала павышэнне цэн на паперу, друкаванне і распаўсюджанне. Гэта прывяло да таго, што некаторыя выданні практычна поўнасцю сышлі ў інтэрнэт.

Паводле прагнозаў Быкоўскага, у новым годзе сітуацыя ў медыясферы не палепшыцца. "Тыя, хто сышоў у інтэрнэт, там і застануцца. У сувязі з гэтым варта чакаць павелічэння колькасці журналістаў, якія працуюць у інтэрнэце. Значыць, зусім верагодныя новыя спробы дзяржавы ўзяць пад кантроль інтэрнэт-СМІ", — мяркуе эксперт.

Гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут, асуджаны ў 2011 годзе на падставе артыкула "паклёп у дачыненні да прэзідэнта", зазначыў, што яго судзілі ў тым ліку за артыкулы, апублікаваныя на інтэрнэт-рэсурсе "Беларускі партызан". "У прынцыпе, цяжкія часы для журналістаў у Беларусі надышлі ўжо даўно, і 2011 год не стаў выключэннем, але ўлады больш сур'ёзна ўзяліся за інтэрнэт-СМІ", — зазначыў Пачобут.

Зрэшты, мяркуе ён, у гэтай сферы ўладам не ўдалося стварыць альтэрнатыву. "Мы памятаем указанні Лукашэнкі стварыць суперпапулярны дзяржаўны мегапартал з праўдзівай інфармацыяй пра Беларусь. Але супрацьпаставіць сябе інтэлектуальна і прафесійна незалежным інтэрнэт-рэсурсам улада не змагла і не зможа, таму што прапаганда і ідэалогія — гэта заганнасць", — упэўнены журналіст.

Таму, на яго думку, у 2012 годзе дзяржава ўзмоцніць адмііністрацыйны ціск на інтэрнэт-выданні і працягне спробы ўзяць пад кантроль інтэрнэт.

Намеснік старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец назваў 2011 год "годам затрыманняў" журналістаў. "Варта ўспомніць масавыя затрыманні журналістаў пасля прэзідэнцкіх выбараў, распачынанне ў дачыненні да журналістаў як крымінальных, гэтак і адміністрацыйных спраў, вобыскі ў рэдакцыях, пагрозы закрыцця газет "Народная воля" і "Наша Ніва", пераслед журналістаў падчас летніх мірных акцый, закрыццё "Аўтарадыё" і як апафеоз — крымінальная справа ў дачыненні да гродзенскага журналіста Андрэя Пачобута. Гэты год, бадай, быў самым цяжкім для беларускай журналістыкі", — мяркуе Бастунец.

На яго думку, улічваючы агульную сітуацыю ў краіне, новы год наўрад ці стане больш лёгкім для беларускіх недзяржаўных СМІ. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства