viasna on patreon

Брэст: партыйнай суполцы адмаўляюць у рэгістрацыі юрыдычнага адраса

2012 2012-01-03T11:00:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Брэсцкая гарадская арганізацыя Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» у чарговы раз атрымала адмову з мясцовага гарвыканкаму наконт узгаднення новага месца для рэгістрацыі сваёй суполкі ў прыватным доме, які належыць старшыні арганізацыі.

Для ўзгаднення юрыдычнага адрасу ў жылым будынку на падставе пераліку адміністратыўных працэдур у мясцовы выканаўчы орган падаецца заява, тэхнічны пашпарт, дакумент, які пацвярджае права ўласнасці і згоду ўладальніка дома. Усе неабходныя паперы былі дасланыя ў гарвыканкам, аднак адтуль кіраўніку партыйнай структуры Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» ў Брэсце Людміле Дзенісенка (на фота) прыйшла ўжо трэцяя па ліку адмова.

 

Калі ў першы раз пры адмове было рэкамендавана ў адпаведнасці з указам прэзідэнта №479, выдадзеным у 2009-м годзе, перавесці жылое памяшканне для юрыдычнага адрасу ў нежылое (хаця ў вышэйзгаданым указе размова ідзе пра паляпшэнне ўмоў для заняткаў прадпрымальніцкай дзейнасцю, а не размячэння структураў палітычных партый), у другі – была спасылка, што, быццам бы, памяшканне не адпавядае нормам супрацьпажарнай бяспекі, дык зараз адмова гарвыканкама ўзгадніць размяшчэнне партыйнай суполкі ўвогуле пазбаўлена якіх-небудзь тлумачэнняў прычын і спасылак на законы.

 

Людміла Дзенісенка здзіўлена, што чыноўнікі гарвыканкама рыхтуюць такія адказы, якія ніяк не грунтуюцца на законадаўстве. “Артыкул 2 Канстытуцыі Беларусі абвяшчае, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы, - кажа Людміла Дзенісенка. - Аднак на справе атрымліваецца, што нават у сваім уласным доме я, старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі, не маю права без дазволу выканаўчай улады мець юрыдычны адрас свайго партыйнага органа”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства