Гомельскія апазіцыянеры просяць суд прызнаць неправамерным змяшчэнне іх у ІЧУ
Гомельскія апазіцыянеры Уладзімір Кацора і Уладзімір Няпомняшчых звярнуліся са скаргай у суд Цэнтральнага раёна на супрацоўнікаў аддзелу ўнутраных спраў, якія незаконна змясцілі іх у ІЧУ.
Сутнасць скаргі ў тым, што 7 і 8 кастрычніка, напярэдадні і ў дзень правядзення Народнага сходу, Уладзімір Няпомняшчых і Уладзімір Кацора былі затрыманы супрацоўнікамі РАУС Цэнтральнага раёна па абвінавачванню ў здзяйсненні парушэння парадку правядзення масавага мерапрыемства (арт.23.34 КаАП). Пасля затрымання яны былі змешчаны ў ІЧУ, дзе ўтрымліваліся прымусова да суду, які адбыўся 10 кастрычніка.
Судом апазіцыянеры былі прызнаныя вінаватымі ў парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства і пакараныя штрафамі.
«Дзеянні міліцыянераў па нашаму затрыманню да суду на тэрмін больш трох гадзін мы палічылі неправамернымі, абмяжоўваючымі наша права на свабоду і недатыкальнасць, і звярнуліся са скаргамі ў пракуратуру. Адтуль быў атрыманы адказ, што наша затрыманне з'яўлялася мерай забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, а наш статус вызначаўся як статус асоб, здзейсніўшых правапарушэнне», - адзначаюць у скарзе заяўнікі.
Абласная пракуратура падтрымала раённую і прызнала дзеянні міліцыянераў правамернымі.
Апазіцыянеры нязгодныя з такой пазіцыяй. «Нават калі арышт і ўтрыманне пад вартай да разгляду справы ў судзе прадугледжаны нацыянальным заканадаўствам, нашы пазасудовыя арышты ў вачах аб'ектыўнага назіральніка не з'яўляліся разумнымі і неабходнымі ў дадзеных абставінах, таму што міліцыянеры ўдакладнілі нашы асобы, упэўніліся ў тым, што мы маем сталае месца жыхарства, у іх адсутнічалі падазрэнні, што мы можам здзейсніць уцёкі ці будзем працягваць здзяйсняць новыя правапарушэнні», - даводзяць суду Уладзімір Няпомняшчых і Уладзімір Кацора, і нагадваюць пра прэзумпцыю невінаватасці.
Па іх меркаванні, міліцыянеры не мелі права змяшчаць іх у ІЧУ, паколькі на той момант апазіцыянеры былі ў статусе асоб, у адносінах якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, а не асоб, здзейсніўшых правапарушэнне.
«У выніку неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі мы атрымалі такія дадатковыя пазасудовыя спагнанні, як фактычныя адміністрацыйныя арышты на тэрмін да трох сутак», - лічаць заяўнікі і просяць суд прызнаць дзеянні міліцыянераў неправамернымі.