viasna on patreon

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі

2012 2012-01-04T21:13:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама падпісаў закон, які прадугледжвае ўвядзеньне новых санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі, паведаміў прэсавы сакратар Белага дому Джэй Кэрні.

Раней, 21 сьнежня, Кангрэс ЗША ўхваліў "Акт аб дэмакратыі і правах чалавека 2011 году ў дачыненьні да Беларусі" (Belarus Democracy and Human Rights Act of 2011), які прадугледжвае ўзмацненьне санкцыяў.

Новы пакет пашырае сьпіс беларускіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў сілавых структураў, на якіх накладаюцца візавыя абмежаваньні і фінансавыя санкцыі.

Закон таксама прадугледжвае заклік да Міжнароднай фэдэрацыі хакею адмовіцца ад правядзеньня ў Беларусі чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году.

У сярэдзіне сьнежня законапраект быў ухвалены Сэнатам ЗША.

Санкцыі ня будуць зьнятыя да той пары, пакуль на свабоду ня выйдуць усе палітвязьні.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных у інтэрвію «Радыё Свабодзе» заявіў, што ЗША знаходзяцца ў палоне дагматычных і састарэлых падыходаў.
Прафэсар, незалежны экспэрт Уладзімер Дунаеў не спадзяецца на высокую эфэктыўнасьць санкцыяў, бо цяпер Амэрыка страчвае свой кантроль у сьвеце і гэта адзначае, што ЗША ўжо ня могуць усур’ёз уплываць на інтэграцыйныя працэсы паміж Расеяй і Беларусьсю і над працэсам страты беларускага сувэрэнітэту.
Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Някляеў лічыць, што Злучаныя Штаты Амэрыкі лягічна працягваюць лінію, якую яны абралі, але хацеў бы, каб да гэтага больш інтэнсіўна далучылася і Эўропа.
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначае чатыры найважнейшыя моманты ў новых санкцыях ЗША супраць Беларусі:
- адметнасць зьнешняй палітыкі ЗША - дакладная рэалізацыя таго, што запісана ў дакументах
- і рэспубліканцы, і дэмакраты аднолькава ацэньваюць сытуацыю ў Беларусі
- у Амэрыцы ёсьць вельмі добрыя экспэрты па Беларусі на самым высокім роўні
- гэта пунктавыя санкцыі, скіраваныя толькі супраць канкрэтных асоб

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства