У Віцебску распачынаецца кампанія "Я маю права на бясплатную прававую інфармацыю"
Яе мэта – дамагчыся адмены платнага доступу да прававой інфармацыі ў інтэрнэце. Ініцыятарам кампаніі стала мясцовая арганізацыя "Прававая дапамога насельніцтву".
Праваабаронца Аляксандар Мікулін тлумачыць, што атрыманне звестак Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі – платнае. І гэта, на ягоную думку, супярэчыць гарантаванаму артыкулам 7 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прынцыпу "вяршэнства права" і задэклараваных артыкулам 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь правоў грамадзян "на атрыманне, захоўванне i распаўсюд поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў".
“Доступ да прававога сервера платны і каштуе ў суткі 3500 рублёў, за паўгоддзе - 200 тысяч рублёў. Такім чынам, тое, што лічылася публічнай інфармацыяй, атрыманне якой канстытуцыйна гарантавалася грамадзянам Рэспублікі Беларусь (у тым ліку свабодны доступ да інтэрнэт-рэсурсаў) - зараз ужо недаступна!”—гаворыць прадстаўнік арганізацыі "Прававая дапамога насельніцтву" А.Мікулін.
Ён лічыць, што НЦПС аказвае платныя паслугі насельніцтву незаконна і хоча дамагчыся адмены такога кшталту дзейнасці.