Грамадзянская кампанія «Справаводства па-беларуску!» просіць выканкамы прадставіць інфармацыю аб мове пісьмовых зваротаў грамадзян
Грамадзянская кампанія «Справаводства па-беларуску!» звярнулася да кіраўнікоў раённых, гарадскіх і абласных выканаўчых камітэтаў з прапановай прадставіць статыстыку адносна мовы пісьмовых зваротаў грамадзян у 2011 годзе.
Адзін з каардынатараў кампаніі Ігар Случак (на фота) тлумачыць зварот тым, што 22 студзеня ўступае ў сілу закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», у якім кампанія «Справаводства па-беларуску!» дамаглася ўнясення пункта аб тым, што на пісьмовы зварот павінен давацца адказ на мове заяўніка. «Напрыканцы 2012 года будзе цікава прааналізаваць, ці вырасце колькасць беларускамоўных зваротаў за год пасля ўступлення ў сілу гэтага закона. Калі рост будзе – значыць, мы стаім на правільнай пазіцыі, мяркуючы, што праблему больш шырокага выкарыстання мовы можна вырашыць нарматыўным шляхам. Калі росту беларускамоўных зваротаў назірацца не будзе, то значыць, маюць рацыю нашы апаненты, якія мяркуюць, што прывесці беларусаў да роднай мовы можна толькі нацыянальна-культурным шляхам», - адзначае Ігар Случак.