Сяргею Каваленку не даюць спаткання з жонкай
Пра гэта Алена Каваленка даведалася ад следчага, які вядзе справу яе мужа. 3 студзеня яна занесла заяву на спатканне, рашэнне абяцалі прыняць на працягу трох дзён. Але 5-га студзеня следчы заявіў, што могуць разглядаць і дзесяць дзён, калі спатрэбіцца.
Алена Каваленка кажа, што заўтра зноў будзе тэлефанаваць следчаму Юрыю Волкаву:
“Ён яшчэ кпіў і насміхаўся: маўляў, у асобных выпадках скаргі разгдлядаюцца на працягу дзесяці дзён… Я сказала, што гэта не скарга, а заява пра спатканне, што падчас яго буду прасіць Сяргея спыніць галадоўку, і што гэта важна ў тым ліку і для следства – каб ён не трапіў у бальніцу, калі падарве сваё здароўе”.
Спадарыня Каваленка гаворыць, што летась так і было, калі Сяргей галадаваў на знак пратэсту супраць затрымання падчас вулічнай акцыі 25 сакавіка, і калі яму прысудзілі за гэта некалькі сутак арышту. Яго некалькі разоў забіралі з ізалятару часовага ўтрымання ў бальніцу, і арышт ён быў вымушаны адбываць з перапынкамі.
Цяпер Сяргей Каваленка галадае на знак пратэсту супраць крымінальнага абвінавачання: яму пагражае да трох гадоў турэмнага зняволення паводле артыкулу 415 “Ухіленне ад адбывання пакарання”. Віцебскага актывіста вінавацяць у парушэнні рэжыму “хатняй хіміі” – умоўнага пакарання, прысуджанага за тое, што 7 студзеня 2010 году ён вывесіў на навагодняй елцы бел-чырвона-белы сцяг.
“Нарэшце хоць неяк вырашылася пытанне наконт вады, бо некалькі разоў я спрабавала перадаць яе ў СІЗА, але там адмаўляліся яе браць. Не даваць чыстай вады чалавеку, які галадае – гэта проста здзек, я лічу! І толькі сёння начальнік медсанчасткі СІЗА мне патлумачыў, што ваду не бяруць, бо раптам я Сяргея атручу… Таму вады няма ў пераліку дазволеных для перадачы прадуктаў. Але я магу накіраваць Сяргею грашовы перавод, каб ён сам набываў ваду ў турэмнай краме. Не ведаю толькі, як хутка ў СІЗА даходзяць грошы, і як хутка іх перадаюць вязням”, -- дадае Алена Каваленка.