Аляксандр Круты: «Чакаю этап ў Навінкі, на прымусовае лячэнне ад сумлення»
Жыхар Мінска Аляксандр Круты, да якога суд прызначыў прымяніць прымусовыя меры бяспекі і лячэння, даслаў адказ на ліст гомельскага актывіста кааліцыі «Наша альтэрнатыва» Кастуся Жукоўскага. Аляксандр Круты піша, што на дадзены момант, а дакладней – з 29 лістапада, ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскай, і там чакае «этапу ў Навінкі на прымусовае «лячэнне» ад сумлення». «Было б дзіўным, калі б судова-медыцынская экспертыза не разглядзела ў мяне самы галоўны беларускі дыягназ», - зазначае вязень. Ён піша, што знаходзіцца ў камеры №29 «для асоб, вызваленых ад крымінальнай адказнасці». «Сам факт існавання такіх камер у беларускіх турмах з'яўляецца прыкладам класічнага аксюмарану, і варты уважлівага вывучэння. На мой суд мяне не дапусцілі. Увесь час з моманту затрымання да майго пераезду ў псіхіятрычную бальніцу не ўваходзіць ні з якія тэрміны пакарання. У такім камерах можна чакаць этапу на Гальцюнішкі (стацыянар для асобаў, здзейсніўшых злачынства, якія маюць псіхічныя захворванні, - Рэд.) да 1,5 года», - напісаў у лісце Круты.
Рашэнне аб змяшчэнне Аляксандра Крутога ў такі стацыянар прыняў суд у снежні 2011 года. Дачка вязня, Інэса Крутая, не згодная з рашэннем суда, і лічыць, што бацьку пакаралі за тое, што адстойваў сваю пазіцыю.
Дачка лічыць, што пераслед бацькі звязаны са справай аб тэракце ў мінскім метро, па якой яна праходзіла пацярпелай, а бацька абараняў яе інтарэсы. У час працэсу Аляксандр Круты задаваў суду «нязручныя пытанні» і прапаноўваў адмяніць смяротную кару. Інэса Крутая мяркуе, што бацьку ўзялі пад варту, каб адхіліць ад удзелу ў судзе.
Нагадаем, 20 верасня Круты быў затрыманы паводле абвінавачання ў хуліганстве.