Беларускія актывісты хочуць сустрэцца з міністрам юстыцыі Польшчы
Пасля плённай сустрэчы ў генпракуроры Польшчы, беларускія актывісты збіраюцца сустрэцца з кіраўніцтвам міністэрства юстыцыі Польшчы, паведамляе прэс-служба Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў”.
5 студзеня на імя міністра юстыцыі Польшчы Яраслава Говіна паступіў зварот ад Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў”, “Звязу на карысць дэмакратыі ў Беларусі”, “Маладога Фронту”, “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” і “Еўрапейскай Беларусі”.
Як адзначыў прадстаўнік Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў” Ігар Шчэкарэвіч, актывісты збіраюцца абмеркаваць на сустрэчы два галоўных пытанні.
Шчэкарэвіч:”12 гадоў у Беластоку мясцовай пракуратурай і судом ідзе пераслед беларускага апазіцыянера Андрэя Жукаўца. Падчас сустрэчы ў генеральнай пракуратуры мы ўбачылі, што намеснік генпракурора зацікаўлены ў высвятленні ўсіх акалічнасцяў гэтай справы.Зараз мы хочам данесці праўдзівую інфармацыю па гэтай справе і да міністэрства юстыцыі Польшчы, каб яно звярнула ўвагу на дзеянні беластоцкага суда. Таксама на сустрэчы мы хочам абмеркаваць скандальнае рашэнне суда ў Быдгошчы аб фактычнай забароне бел-чырвона-белага сцяга на спартыўных мерапрыемствах у Польшчы. Нам незразумела законамі якой краіны кіравалася суддзя ў Быдгошчы, зацвярджаючы гэтае рашэнне”.
Адзначым, што суддзя Шчэнсны Шыманскі які займаецца справай Жукаўца зараз з’яўляецца падазраваным у крымінальнай справе па фактам фальсіфікацыі доказаў супраць беларускага апазіцыянера. Аднак гэта не перашкаджае яму далей займацца справай. У бліжэйшы час Шыманскі збірацца ехаць у Беларусь і супрацоўнічаць там з органамі дзяржаўнай бяспекі і суддзямі па справе Жукаўца.
Нагадаем, што 22 снежня прадстаўнікі арганізацый сустрэліся з намеснікам генпракурора Польшчы Робертам Гернандам. Падчас сустрэчы былі абмеркаваны шматлікія факты парушэння правоў актывістаў беларускай апазіцыі з боку польскіх пракуратураў. Па выніках размовы, актывісты ацанілі яе як паспяховую.