“Малады фронт” у чарговы раз спрабуюць застрашыць
Актывісты зарэгістраванай ў Чэхіі арганізацыі “Малады Фронт” не хаваюць заклапочанасьці новай хваляй ціску на ягоных сябраў шляхам пагроз і застрашэньня з боку супрацоўнікаў КДБ, якія дапытвалі іх пад час адбыцця арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
Маладафронтаўцы Міхаіл Мускі, Павал Сяргей, Зьміцер Крамянецкі, Уладзімер Яроменак, Раман Васільеў, Ігар Кішко былі затрыманыя 19 сьнежня мінулага года пад час акцыі ў гадавіну падзеяў Плошчы-2010. Усе былі асуджаныя тэрмінам ад 10 сутак і больш. За гэты час некаторыя актывісты выклікаліся на гутаркі супрацоўнікамі КДБ па 5-6 разоў. Як паведамілі гэтыя шасцёра актывістаў, следчыя схілялі іх да супрацоўніцтва пад пагрозай збіцьця супрацоўнікамі спецназу, а таксама праблемамі з вучобай і працай, альбо накіраваньнем на вайсковую службу.
«Падчас знаходжаньня ў турме на Акрэсціна супрацоўнікі КДБ у колькасьці 3 чалавек прыходзілі да мяне 6 разоў. Распытвалі аб дзейнасьці «Маладога фронту», пагражалі фізічнай расправай. Вялі гульню ў “добрага следчага і злога”, прапаноўвалі падпісаць паперы аб супрацоўніцтве”, - паведаміў Міхаіл Мускі.
Вынікам гэтага татальнага застрашэньня сталіся факты адлічэньня з вучобы і звальненьне з працы.
Такім чынам аператыўнікі з КДБ намагаліся атрымаць ад актывістаў інфармацыю адносна дзейнасьці моладзевай арганізацыі, а таксама яе кіраўнікоў – Міколы Дземідзенкі і Насты Палажанкі.
Яшчэ аднаго маладафронтаўца – Рамана Пратасевіча – кадэбісты забралі з дому 30 сьнежня. Непаўнагадовага юнака адвезьлі ў будынак КДБ й паўтары гадзіны вялі зь ім «прафіляктычную гутарку» аб недапушчальнасьці радыкальных акцый.
Намесьнік арганізацыі Мікола Дземідзенка падкрэсьліў на прэсавай канферэнцыі, якая адбылася сёньня ў Менску, што нягледзячы на пагрозы, маладафронтаўцы прынялі рашэньне праінфармаваць грамадскасьць з тым, каб нейкім чынам абараніць сваіх сябраў і прадухіліць паўтарэньне допытаў.
“ Мы ўвогуле здзіўленыя такой рэзкай рэакцыяй, нечаканая масавая цікавасьць супрацоўнікаў КДБ да нашай дзейнасьці з нечым канкрэтным звязаная. Але з чым – мы спрабуем зараз разабрацца. Магчыма, гэта вяртаньне да крымінальнай справы па арт.193.1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай грамадскай арганізацыі), - паведаміў Дземідзенка.
Нагадаем, 30 сьнежня пасьля магутнай DOS-атакі спыніў працу сайт “Маладога Фронту”, які ўдалося аднавіць толькі праз тыдзень. І гэта таксама ўкладваецца ў ланцуг татальнага перасьледу моладзевай арганізацыі.