«Справаводства па-беларуску!» прапануе трансляваць рэкламу на дзвюх дзяржаўных мовах
Грамадзянская кампанія «Справаводства па-беларуску!» звярнулася да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу з прапановай падтрымаць змены ў артыкулы 10 і 32 закона «Аб рэкламе». Прапанаваныя змены, на думку актывістаў кампаніі, павінны забяспечыць стварэнне і трансляцыю рэкламнай прадукцыі на дзвюх дзяржаўных мовах, што дазволіць павысіць статус беларускай мовы.
«Даследаванні паказалі, што да 70% беларусаў станоўча ўспрымаюць рэкламу на беларускай мове, а 37% беларусаў лічаць, што беларускай мовы не хапае ў рэкламе. Каля 10% беларусаў наогул дрэнна ці зусім не ведаюць рускай мовы. У гэтым выпадку чалавек можа не зразумець сэнсу рэкламы», - патлумачыў ініцыятар кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак (на фота).
Ён з паплечнікамі прапануе дубляваць рэкламу на дзвюх мовах, ці, як варыянт, увесці норму – 70% рэкламы на беларускай мове. «Гэта было б добрым і цікавым рашэннем. Нарматыўнае рэгуляванне двухмоўя ў рэкламе падштурхне і павысіць канкурэнтаздольнасць. Ад гэтага ў выніку выйграюць як спажыўцы, так і беларускі бізнес», - мяркуе ініцыятар кампаніі. Ён не выключае, што дэпутаты могуць падтрымаць змены, бо зараз існуе праект закона аб рэкламе, і не будзе складаным далучыць да яго і прапановы кампаніі.