viasna on patreon

Магілёўскія грамадзкія актывісты і праваабаронцы абвінавачваюць мясцовую міліцыю ў незаконных дзеяньнях

2006 2006-08-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Калектыўная скарга ад імя пяцёх магілёўцаў на незаконныя дзеяньні міліцыянтаў была накіраваная 2 жніўня на адрас начальніка абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў і абласнога пракурора. Скарга ўтрымлівае апісаньне беспадстаўнага затрыманьня гэтых грамадзянаў увечары 27 ліпеня міліцэйскім патрулём і прымусовага іх дастаўленьня ў пастарунак на вачах дзясяткаў гараджанаў, сярод якіх маглі быць знаёмыя, калегі альбо суседзі затрыманых. Скаржнікі паведамляюць, што не парушалі закону і грамадзкага парадку. Як стала зразумелым пазьней, у пастарунку, міліцыянтам не спадабаліся саколкі з выявай эмблемы (дарэчы, афіцыйна зацьверджанай) Аб’яднанай грамадзянскай партыі, што былі на некаторых з затрыманых, а таксама і паветраныя балёнчыкі бел-чырвона-белага колеру, што былі ў іхных рукох. На працягу некалькіх гадзінаў затрыманых дапытвалі аб іхных намерах у той вечар і аб тым, каму адрасаваны і што азначае надпіс “надоел” на некаторых іхных саколках. Пры гэтым, парушаючы закон аб міліцыі, затрыманым не патлумачылі іхных правоў і не паведамілі ў чым яны падазраюцца, і на якой падставе адбываецца праверка іхных дакумэнтаў ды высьвятленьне іхных асобаў.

Аўтары скаргі таксама папярэджваюць адрасатаў свайго ліста аб тым, што ў выпадку непрыняцьця з іхнага боку канкрэтных мераў уздзеяньня да вінаватых у парушэньні грамадзянскіх правоў заяўнікаў, яны зьвернуцца па абарону ў адпаведную судовую інстанцыю, паведаміла Асамблея НДА Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства