Берасьцейская галадоўніца Любоў Разановіч агучыла свае асноўныя пратрабаваньні
Сёньня – другія суткі, як удзельніца галадоўкі ўладальнікаў маршрутных таксі ў Берасьці Любоў Разановіч адмаўляецца піць ваду. У інтэрвію Радыё Свабода яна паскардзілася на дрэннае самаадчуваньне й частую страту сьвядомасьці. Са слоў спадарыні Разановіч, сёньня яна перадала журналістам тэкст адкрытага ліста да Аляксандра Лукашэнкі. Для Радыё Свабода заяўніца агучыла асноўныя свае патрабаваньні:
- Нават калі прадаць маю кватэру і ўсю маёмасьць, я не змагу сабраць такой вялізарнай сумы – 80-ці мільёнаў рублёў. Шматлікія звароты ў Брэсцкі аблвыканкам і іншыя арганізацыі выніку не далі. Усюды “сьцяна” непаразуменьня, чэрствасьці й абыякавасьці. Ад 5 ліпеня я не прымаю ежы. Ад 1 жніўня адмовілася ад вады. Мае пакуты бачаць мае дзеці – 14-гадовы Арцём і 10-гадовы Паўлік... Я люблю сваю Беларусь і свой горад, я люблю жыцьцё, хачу працаваць, выгадаваць Арцёма й Паўліка годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Які ж чыноўнік падрыхтаваў гэты ўказ, што супярэчыць усім нормам права й цалкам разбурае маё жыцьцё, а маіх дзяцей можа зрабіць сіротамі?
Галадоўка ў Берасьці пачалася 5 ліпеня. Цяпер у ёй удзельнічаюць 15 чалавек. Гэта ўладальнікі маршрутных таксі, іхныя сваякі, кіроўцы й двое прадпрымальнікаў-гандляроў. Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта №140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай. Яны тлумачаць, што ўвезьлі машыны раней за 2004 год.