Камітэт абароны журналістаў заклікае неадкладна вызваліць Аляксандра Баразенку
Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Камітэт абароны журналістаў" (ЗША) заклікала беларускія ўлады вызваліць Аляксандра Баразенку, асуджанага на 11 сутак арышту.
Баразенка
быў затрыманы 8 студзеня каля будынка КДБ у Мінску, калі здымаў на відэакамеру
для тэлеканала "Белсат" спробу актывіста грамадзянскай кампаніі
"Еўрапейская Беларусь" Мікіты Каваленкі правесці адзіночны пікет.
Каваленка разгарнуў партрэты палітзняволеных і бел-чырвона-белы сцяг, але праз
некалькі хвілін быў затрыманы людзьмі, якія выбеглі з будынка. Разам з ім быў
затрыманы відэааператар.
Затрыманых даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна горада і на наступны дзень, 9
студзеня, яны паўсталі перад судом. Баразенка, як і Каваленка, быў прызнаны
вінаватым паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях
Беларусі (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства
ці пікетавання). Суд Цэнтральнага раёна пакараў відэааператара адміністрацыйным
арыштам на 11 сутак. Адразу ж пасля вынясення прыгавору Аляксандр Баразенка
аб'явіў галадоўку ў знак пратэсту.
"Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць Баразенку, які ўсяго
толькі выконваў сваю працу, перадаючы навіны з месца падзеі, — гаворыцца ў
заяве Камітэта абароны журналістаў. — Імгненны судовы працэс, падчас якога
Баразенка быў прызнаны вінаватым і які заняў усяго адзін дзень, з'яўляецца
пародыяй на правасуддзе, якое толькі ўмацоўвае рэпутацыю краіны як апошняй
дыктатуры Еўропы".
Варта адзначыць, што Баразенка неаднаразова затрымліваўся падчас выканання
сваіх прафесійных абавязкаў. Так, напрыклад, 19 снежня яго і яшчэ некалькі
журналістаў затрымалі каля будынка КДБ пасля перформанса актывістак украінскага
руху Femen. Тады Баразенку таксама даставілі ў Цэнтральны РУУС, але праз
некалькі гадзін адпусцілі.
У канцы кастрычніка мінулага года журналіста выклікалі на гутарку ў Генпракуратуру.
Саветнік юстыцыі Павел Елісееў цікавіўся яго супрацоўніцтвам з польскім
тэлеканалам "Белсат".