viasna on patreon

Вярхоўны суд прыступіў да разгляду скаргаў анархістаў

2012 2012-01-11T15:37:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вярхоўны суд прыступіў да разгляду скаргаў палітвязняў-анархістаў Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча і Аляксандра Францкевіча.

Аднак адвакаты асуджаных усцяж не атрымліваюць адказаў ад вышэйшай судовай інстанцыі. Між тым, бацькі Аляксандра Францкевіча і Ігара Аліневіча адзначаюць інфармацыйную ізаляцыю іх дзяцей у апошні час. Па словах маці Аляксандра Францкевіча Таццяны Францкевіч, з моманту апошняга спаткання з сынам, якое прайшло ў Івацэвічскай калоніі “Воўчыя норы” 17 снежня мінулага года, яна атрымала ад сына толькі паштоўку на Новы год.

- Такога звычайна не бывала, таму што Саша за столькі часу хоць бы адзін або два лісты напісаў, а тут толькі паштоўка на Новы год прыйшла і ўсё. Я чакала, што будуць званкі, але і званкоў няма. Не магу зразумець з чым гэта звязана. Пакуль у чаканні, якая далейшая развязка будзе.

Бацька Ігара Аліневіча Уладзімір Аліневіч кажа, што за ўвесь час знаходжання сына ў калоніі, а з моманту ягонага зняволення прайшло больш года, сын патэлефанаваў дадому толькі аднойчы.

- Больш за ўсё мяне здзіўляе, што ў яго ніяк не атрымліваецца датэлефанавацца дадому. Цяпер кіраўніцтва калоніі сказала, што яны страцілі яго заяву на права званка. За ўвесь гэты час знаходжання ў калоніі Ігар толькі раз патэлефанаваў дадому. І нам цяжка сказаць калі ён патэлефануе, паколькі можна тэлефанаваць толькі на хатні тэлефон, а сядзець увесь час дома і чакаць, гэта немагчыма проста.

Па іншаму выглядае сітуацыя з асуджаным па “справе анархістаў” Мікалаем Дзядком. Ягоная жонка Валерыя Хоціна кажа, што ніякіх праблемаў адносна ліставання з мужам не мае.

- Да мяне, у прынцыпе, усё даходзіць нармальна, і мае лісты ён таксама атрымлівае. Невялікі затор быў у пачатку снежня, але цяпер усё гэта наладзілася. Я атрымліваю лісты, якія ён мне дасылае. Зараз чакаем на гэтым ці наступным тыдні адказ на скаргу з Вярхоўнага суда. У прынцыпе, вынік будзе вядомы. Але справа ў тым, што ў апошнюю скаргу будуць дададзены новыя акалічнасці, таму мы чакаем, як сваю адмову матывуе Вярхоўны суд.

27 мая 2011 года суддзя Завадскога раёна Мінска Жанна Хвайніцкая асудзіла Мікалая Дзядка на 4 з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Аляксандра Францкевіча – на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ігар Аліневіч пакараны 8 гадамі пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму. Праваабарончыя арганізацыя прызналі зняволеных анархістаў палітвязнямі і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства