Акцыя салідарнасці з палітвязнямі ў Бабруйску
Акцыя салідарнасці з палітвязнямі адбылася 12 студзеня ў Бабруйску. На вуліцах горада ў розных месцах было вывешана каля сотні інфармацыйных улётак, у якіх змяшчаўся заклік “Усім палітвязням свабоду!”. Правядзенне акцыі салідарнасці было прымеркавана мясцовымі актывістамі кампаніі “Гавары праўду” да судовага працэсу над Мікалаем Статкевічам, які адбыўся 12 студзеня ў Шклове.
“Мы вывесілі ўлёткі раніцай, каб выказаць сваю салідарнасць з усімі беларускімі палітвязнямі і асабліва з Мікалаем Статкевічам, бо менавіта 12 студзеня яго павінны былі судзіць у Шклоўскай калоніі, - кажа адна з бабруйскіх актывістак “Гавары праўду”, якая ўдзельнічала ў правядзенні акцыі. – Інфармацыйныя ўлёткі аб палітвязнях з’явіліся на вуліцах Бабруйска, людзі змаглі іх пабачыць і прачытаць. Абавязкова патрэбна падтрымліваць палітвязняў, у нашай краіне ў іх сітуацыі можа апынуцца кожны сумленны чалавек”.