viasna on patreon

Газэта Партыі камуністаў Беларускай "Таварыш" ізноў апынулася без друкарні

2006 2006-08-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паводле Прэс-службы ЦК ПКБ, Газэта Партыі камуністаў Беларускай "Таварыш" ізноў гапынулася без друкарні. Пра гэта сёньня паведаміў галоўны рэдактар выданьня Сяргей Вазьняк. Па яго словах, "у рэдакцыю паступіла афіцыйнае апавяшчэньне ад маскоўскай фірмы - ТАА "ТМК", у друкарні якой з 15 сакавіка гэтага года друкаваўся "Таварыш", аб скасаваньні дамовы". У дакумэнце гаворыцца, што ў сувязі "з планаваным пераездам", друкарня "ТМК" "спыняе сваю дзейнасьць на нявызначаны тэрмін".
Разам з тым С.Вазьняк, які зьяўляецца сябрам Бюро ЦК ПКБ, ня выключыў магчымасьць, што рукі беларускіх службоўцаў дацягнуліся і да Масквы. "Нельга забываць, які вялізны ціск сёньня ідзе на Партыю камуністаў Беларускую, як спрабуюць "ламаць" яе актывістаў. Таму, ведаючы сяброўскія адносіны паміж гарадскімі ўладамі расійскай сталіцы і афіцыйным Менскам, можна выказаць здагадку, што разрыў дамовы на друк газеты "Таварыш" - гэтае чарговае зьвяно ў ланцугу спроб ліквідаваць ПКБ".
Аднак у рэдакцыі ўсё жа схільныя верыць, што матывы, паказаныя ў апавяшчэньні, зьяўляюцца праўдзівымі. "Паміж "Таварышам" і "ТМК" за пяць месяцаў сумеснай працы склаліся добрыя працоўныя адносіны. Мы заўсёды ішлі на сустрэчу адзін аднаму", - падкрэсліў С.Вазьняк.
Далейшы выхад грамадзка-палітычнай левай газеты "Таварыш" сёньня знаходзіцца пад вялікім пытаньнем. Як адзначыў намесьнік галоўнага рэдактара па выдавецкай дзейнасьці "Таварыша" Зьміцер Яненка, "усе беларускія друкарні баяцца заключаць з намі дамовы. Галоўная прычына - апазыцыйнасьць выданьня". Па яго словах, "рэдакцыя, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, робіць усё магчымае, каб чарговы нумар выйшаў у сьвет ужо на наступным тыдні. Мы разглядаем як расейскія, так і ўкраінскія, і літоўскія варыянты".
Нагадаем, што цяперашняе скасаваньне дамовы на друк "Таварыша" стала ўжо трэцім на працягу няпоўных двух гадоў. У кастрычніку 2004 года за тыдзень да правядзеньня парлямэнцкіх выбараў і рэспубліканскага рэфэрэндуму, газеце ў далейшым супрацоўніцтве адмовіла "Беларуская Хата друку". У сакавіку 2006 года, за& тыдзень да прэзыдэнцкіх выбараў "Таварыш" атрымаў адмову ад "Смаленскага паліграфічнага камбіната". Ні адна з трох друкарняў не прад'яўляла газэце прэтэнзый.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства