viasna on patreon

За падробку дакументаў і сфабрыкаваную справу – вусная вымова

2012 2012-01-18T14:11:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/milicija-belarusi1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пракуратура Быхаўскага раёна адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу ў дачыненні да міліцыянера Віталя Вашчылы, які сфабрыкаваў справу ў дачыненні да жыхара вёскі Дабужа Быхаўскага раёна Аляксандра Шачанкі.
Нагадаем, што ў дачыненні да Аляксандра Шачанкі была заведзена адміністрацыйная справа нібыта за збіццё ягонай суседкі Кацярыны Лашковай. Падчас судовага разбіральніцтва стала вядома, што ў матэрыялах справы адсутнічае заява пацярпелай, а пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і пратаколы апытання Аляксандра Шачанкі і яго жонкі Надзеі Шведавай -- падробленыя. Суд спыніў справу з-за адсутнасці заявы пацярпелай.
Пасля выяўленых махлярстваў, зробленых супрацоўнікам міліцыі Віталём Вашчылай, Аляксандр Шачанок накіраваў скаргі ў абласную міліцыю і пракуратуру.
У адказе, атрыманым з пракуратуры, прызнаецца факт таго, што па выніках экспертызы ўстаноўлена, што подпісы пад пратаколамі апытанняў не з’яўляюцца подпісамі Аляксандра Шачанкі і Надзеі Шведавай, а таксама тэкст пратакола пісаны не ім, а міліцыянтам Віталём Вашчылай.
Паводле пракуратуры, вырашыць пытанне аб тым, кім зроблены подпісы і запіс “З маіх словаў запісана дакладна, зачытана ўслых” Вашчылам ці некім іншым – не ўяўляецца магчымым.
Тым часам міліцыянт Вашчыла стаіць на сваім – подпісы пад пратаколамі сапраўдныя, а почырк сказіўся з-за таго, што Алякснадр Шачанок і яго жонка падпісваліся стоячы, нязручна трымаючы тэчку.

Пракуратура ўстанавіла, што міліцыянт Віталій Вашчыла парушыў нормы Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адмінітрацыйных правапарушэннях і прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, аднак, што гэта за парушэнні і якая фома пакарання ўжытая да міліцыянта -- не гаворыцца.
Паводле адказа з Быхаўскага РАУС, была праведзена праверка пералічаных Аляксандрам Шачанком фактаў. За неправамернае складанне на Аляксандра Шачанка пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні Віталю Вашчылу абвешчана вусная вымова. Устанавіць, ці сапраўды міліцыянт падрабіў подпісы Аляксандра Шачанка і Кацярыны Шведавай, зноў аказалася немагчыма. Дадзенае заключэнне, гаворыцца ў адказе, грунтуецца на выніках эксперта, які праводзіў экспертызу почырка прадастаўленых яму матэрыялаў справы. 
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што адказы з пракуратуры і міліцыі выклікаюць толькі крывую ухмылку і нагадваюць дзіцячы лепет.
“Відавочна, што падробленыя запісы і подпісы зроблены з ведама і ў прысутнасці ўчастковага міліцыянта Віталя Вашчылы. Таму неўстанавіць, хто падрабіў подпісы немагчыма. Як тады міліцыя праводзіць раследванне сапраўдных крымінальных і адміністрацыйных справаў. Адказы міліцыі і пракуратуры, якім чынам праводзілася разбіральніцтва па скарзе Аляксандра Шачанкі, даюць падставу думаць, што ніякага ўнутранага раследвання не было. Адказы з’яўляюцца банальнай адпіскай і пакрываннем свайго супрацоўніка”, - гаворыць Барыс Бухель.
З адказамі абласной міліцыі і пракуратуры Аляксандр Шачанок не згодзен і мае намер высвятліць усе акалічнасці дадзенай справы. З гэтай мэтай ён запісаўся на прыём да намесніка начальніка Магілёўскага аблвыканкаму УУС. Таксама ён збіраеца спагнаць маральную і матэрыальную шкоду за незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі і абкардзіць адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да тых, хто незаконна завёў незаконную адміністрацыйную справу ў дачыненні да яго і падрабляў пратаколы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства