У Полацку збіраюць сродкі для сям'і Сяргея Каваленкі
Гэтую справу запачаткавалі аднапартыйцы зняволенага віцебскага актывіста, сябры КХП БНФ, а таксама мясцовыя вернікі.
"Мы вырашылі, што лепей збяром грошы, а родныя самі вырашаць ды набудуць тое, што найбольш патрэбна ў цяперашні момант. Калі скажуць нам, што трэба нешта з рэчаў, то будзем шукаць магчымасцяў, каб выканаць і такую просьбу", -- гаворыць сябра КХП БНФ Мікола Шарах.
Сям'я Сяргея Каваленкі апынулася ў складаным матэрыяльным становішчы пасля яго арышту. Жонка актывіста цяпер у адпачынку па доглядзе за малодшай дачкой, якой толькі паўгода. Старэйшы сын – першакласнік. Маці Сяргея – пенсіянерка. Так што ўтрымліваў сям'ю толькі Сяргей, які працаваў прыватным прадпрымальнікам – рабіў на замову рамонты.
22 снежня Сяргея Каваленку змясцілі ў СІЗА на час следства па крымінальнай справе. Яго вінавацяць у парушэнне рэжыму "хатняй хіміі" – умоўнага пакарання, прысуджанага яму за вывешаны на гарадзкой ёлцы бел-чырвона-белы сцяг у студзені 2010 году.