viasna on patreon

Віалета Пракапенка: Выглядае, што змягчэння прысуду не будзе

2012 2012-01-20T09:56:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вярхоўны суд адмовіў у задавальненні скаргаў асуджаных да сямі гадоў зняволення за напад на будынак Бабруйскага КДБ Арцёма Пракапенкі і Паўла Сырамалотава.
Пасля таго як з вышэйшай судовай інстанцыі Беларусі прыйшла адмова, Віалета Пракапенка, маці Арцёма Пракапенкі, якія адбывае пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, згубіла надзею на вызваленне сына да заканчэння тэрміну адбыцця пакарання. "Я ўсё ж такі спадзявалася на правасуддзе, але з часам надзея знікае", - кажа Віалета Пракапенка.
 
"Падобна, што пераглядзець гэтую справу не атрымліваецца. Відаць, прыйдзецца сядзець да канца тэрміна. Умоўна-датэрміновае вызваленне на яго не распаўсюджваецца".
 
Галіна Сырамалотава, маці зняволенага Паўла Сырамалотва, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 19, кажа, што адказ з Вярхоўнага суда быў для яе прадказальным.
 
"Дасылалі скаргу тры месяцы таму. У свой час адказ не атрымалі. Адказ прыйшоў перад Новым годам, калі журналісты выступілі па тэлебачанні, пасля гэтага і прыйшоў адказ, недзе 27 снежня. Лісты ад Паўта бывае прыходзяць хутка - за 2-3 дні, але бывае іх 2-3 тыдні няма. У пісьмах нічога істотнага не піша, бо, відаць, інакш не дойдуць. Звоніць рэдка - 2 разы на месяц, відаць на зоне такія парадкі", - кажа Галіна Сырамалотава у інтэрв'ю "Радио Рацыя".
 
У траўні мінулага года Арцёма Пракапенку, Паўла Сырамалотава і Яўгена Васьковіча суд прызнаў вінаватымі ў злосным хуліганстве і наўмысным пашкоджанні маёмасці. Усім тром прысудзілі па сем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за напад на будынак бабруйскага КДБ. Следства выявіла, што ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 года хлопцы кінулі ў будынак бабруйскага КДБ дзве бутэлькі з "кактэйлем Молатава".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства