У Францыі патрабуюць арыштаваць Куляшова
Адвакат Уільям Бурдон 19 студзеня падаў зыск супраць прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова.
Ён абвінавачвае іх у катаваньнях і жорсткім абыходжаньні з грамадзянамі, якія праводзілі акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў сьнежні пазамінулага году.
Пра гэта паведамляе агенцтва France-Presse. Бурдон цьвердзіць, што ён прадстаўляе інтарэсы «ахвяраў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і ягонага міністра ўнутраных спраў».
Францускі адвакат гаворыць, што ён невыпадкова вылучыў зыск сёньня. Міністар Куляшоў цяпер знаходзіцца ў францускім Ліёне, дзе праходзяць мерапрыемствы «Інтэрполу».
Юрыст Бурдон таксама накіраваў ліст міністру юстыцыі Францыі. Ён патрабуе, каб Куляшова неадкладна арыштавалі і каб ён знаходзіўся ў распараджэньні францускіх уладаў:
«Гэта вельмі тэрміновая справа. Неабходна як мага хутчэй зрабіць захады, каб правесьці расьсьледаваньне і вызначыць ягоную адказнасьць за зробленыя правапарушэньні».
***
Як паведаміла БелаПАН памочніца Ўільяма Бурдона, Куляшова абвінавачваюць у катаваньнях. Адвакат Бурдон дзейнічае ад імя пяці беларусаў.
«Шанцы, што спадара Куляшова арыштуюць, досыць высокія, і мы на гэта разьлічваем», – адзначыла памочніца адваката.
Яна не сказала, чые менавіта інтарэсы прадстаўляе адвакат. Разам з тым грамадзянская ініцыятыва Free Belarus Now распаўсюдзіла заяву аб тым, што Бурдон дзейнічае ад яе імя. Ініцыятыва Free Belarus Now заснаваная сем'ямі апазыцыйных палітыкаў і журналістаў, якія былі арыштаваныя падчас разгону дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 году ў Менску.