viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч абскардзіў судовую пастанову пра спагнанне падаткаў

2012 2012-01-20T14:33:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich_27.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч 19 студзеня накіраваў у Менскі гарадскі суд касацыйную скаргу на прысуд суда Партызанскага раёна. Праваабаронца дамагаецца адмены судовага рашэння пра спагнанне падаходнага падатку.
 
Рашэнне па грамадзянскім зыску падаткавай інспекцыі Партызанскага раёна пра спагнанне з яго падаходнага падатку, якое 16 снежня 2011 года вынесла суддзя Вераніка Абрамовіч, праваабаронца лічыць неабгрунтаваным і незаконным, што ў адпаведнасці з пунктамі 1 і 2 артыкула 401 Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса з’яўляецца падставай для яго адмены ў касацыйным парадку.

У скарзе ў Менгарсуд Валянцін Стэфановіч указвае шэраг падставаў для адмены рашэння суда Партызанскага раёна. “У вынесеным рашэнні суд прыходзіць да высновы аб тым, што грашовыя сродкі, атрыманыя мной на разліковы рахунак у банку АО SEB Літоўскай Рэспублікі ад крыніц за межамі Рэспублікі Беларусь у 2009, 2010 гг., падлягаюць падаткаабкладанню. Аднак пры гэтым судом не былі ўлічаныя ўсе факты, якія ўваходзяць у прадмет даказвання па дадзенай справе”, - адзначае праваабаронца. Пры гэтым  асаблівую ўвагу ён акцэнтуе на двух пунктах, выкладзеных у матывіровачнай частцы суддзёй Веранікай Абрамовіч.

Па-першае, ён паведамляе ў касацыйную інстанцыю пра наяўнасць афіцыйнага дакумента з Міністэрства юстыцыі Літоўскай Рэспублікі, які па яго хадайніцтве быў далучаны да матэрыялаў справы:

“Копія дадзенага дакумента заверана пячаткай амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, падпісана паўнамоцным амбасадарам гэтай дзяржавы. У адпаведнасці з дадзеным дакументам, прадстаўленая Міністэрствам юстыцыі Літвы ў Міністэрства юстыцыі Беларусі інфармацыя [пра рух грашовых сродкаў, атрыманых на разліковы рахунак у банку Літоўскай Рэспублікі ад крыніц за межамі Рэспублікі Беларусь у 2009, 2010 гг.] не адпавядае рэчаіснасці.
У адпаведнасці з арт. 193 ГПК гэты дакумент з'яўляецца афіцыйным, паколькі быў выдадзены дзяржаўным органам (Міністэрствам юстыцыі Літвы) у межах яго кампетэнцыі.
Істцом не былі абвергнутыя звесткі, якія змяшчаюцца ў дадзеным дакуменце, у сувязі з чым змест дадзенага афіцыйнага дакумента з'яўляецца праўдзівым (арт. 193 ГПК)”.

Падчас судовага працэсу Валянцін Стэфановіч хадайнічаў таксама, каб суд з мэтай збору доказаў па справе зрабіў пісьмовы запыт у Міністэрства юстыцыі Літоўскай Рэспублікі для атрымання тлумачэнняў наконт таго, у якой канкрэтна частцы прадстаўленая дзяржорганам інфармацыя пра рух сродкаў на банкаўскіх рахунках не адпавядае рэчаіснасці. Прадстаўнікі падаткавай інспекцыі таксама не пярэчылі супраць заяўленага ім хадайніцтва.

“Аднак суд сваім пісьмовым матываваным вызначэннем адмовіў у задавальненні заяўленага хадайніцтва, паказаўшы, што дасць ацэнку гэтаму дакументу пры вынясенні рашэння па справе. Пры гэтым у вынесеным судом рашэнні гэтаму доказу адзнака дадзена не была.
Такім чынам, суд ухіліўся ад даследавання і ацэнкі дадзенага доказы, якое мела істотнае значэнне для правільнага, ўсебаковага разгляду справы і не прыняў мер для аб'ектыўнага даследавання ўсіх фактаў, якія ўваходзяць у прадмет даказвання па справе.
У той жа час у адпаведнасці з ч.1 арт. 241 ГПК Рэспублікі Беларусь суд ацэньвае доказы паводле  свайго  унутранага  пераканання, заснаванага на ўсебаковым, поўным і аб'ектыўным даследаванні ў судовым паседжанні ўсіх фактаў, якія ўваходзіць у прадмет даказвання, кіруючыся пры гэтым толькі законам.
Такім чынам, суд не ўлічыў усе факты, якія ўваходзяць у прадмет даказвання, што ў адпаведнасці з п.1 арт. 402 ГПК Рэспублікі Беларусь з'яўляецца адным з падставаў для прызнання рашэння цалкам або часткова неабгрунтаваным”, - паведамляецца ў скарзе.

Суд Партызанскага раёна ў вынесеным рашэнні прыходзіць да высновы, што падставаў не давяраць выпіскам пра рух грашовых сродкаў па рахунках няма, паколькі дадзеная інфармацыя атрымана ў адпаведнасці з патрабаваннем заканадаўства. “У пісьмовых матэрыялах справы няма копій дакументаў, якія маглі б даваць падставы рабіць выснову пра законнасць атрымання дадзенай інфармацыі - копій запытаў дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь у кампетэнтныя органы Літоўскай Рэспублікі, копій іх адказаў і г.д.”, - падкрэслівае Стэфановіч, падводзячы да таго, што судовае рашэнне ў гэтай частцы неабгрунтаванае, паколькі суд не падмацоўвае сваё сцвярджэнне якімі-небудзь доказамі.

Па-другое, аўтар скаргі звяртае ўвагу на тое, што суддзя пры абгрунтаванні свайго рашэння спасылаецца на заканадаўства ў сферы бухгалтарскага ўліку (то бок, на норму матэрыяльнага права, якая не падлягае прымяненню). У дадзеным выпадку ён лічыць гэта няправільным і незаконным:

“Спасылка суда на Закон Рэспублікі Беларусь ад 18.10.1994 года “Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці” ў дадзеным выпадку з'яўляецца няправільнай, паколькі ў адпаведнасці з арт. 1 Закона яго дзеянне распаўсюджваецца на юрыдычныя асобы, зарэгістраваныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, філіялы і прадстаўніцтвы, у тым ліку замежных арганізацый, гаспадарчыя групы, простыя таварыствы, дзяржаўныя органы (арганiзацыi), а таксама на індывідуальных прадпрымальнікаў.

Я як фізічная асоба не належу ні да аднаго з названых вышэй суб'ектаў, і дзеянне дадзенага Закона на мяне не распаўсюджваецца. Гэтак жа, як яно не распаўсюджваецца і на замежныя фонды, якія прадастаўлялі сродкі, паколькі яны не ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і не маюць на тэрыторыі Беларусі якіх-небудзь зарэгістраваных прадстаўніцтваў або філіялаў. Мае ўзаемаадносіны з фондамі насілі грамадзянска-прававы характар, і іх даручэнні адносна перадачы грашовых сродкаў трэцім асобам або выканання якіх-небудзь работ (паслугаў) у іх інтарэсах маглі насіць любую, у тым ліку і вусную форму. Дзеючае беларускае заканадаўства, у тым ліку падаткавае, не ўтрымлівае і не ўстанаўлівае крытэрыяў і патрабаванняў да таго, ці павінны быць персаніфікаваны трэція асобы, якім будуць перадавацца сродкі альбо з якімі будуць ажыццяўляцца разлікі, а таксама пераліку дакументаў, якія пацвярджаюць факт перадачы сродкаў”.

У адпаведнасці з п.1 арт. 403 ГПК Рэспублікі Беларусь рашэнне суда з’яўляецца незаконным, калі суд ужыў норму матэрыяльнага права, якая не падлягае прымяненню.

Выклаўшы ў скарзе гэтыя і іншыя довады, кіруючыся п.3 арт. 425 ГПК Рэспублікі Беларусь, Валянцін Стэфановіч просіць Менскі гарадскі суд адмяніць рашэнне суда Партызанскага раёна і спыніць вытворчасць па справе.

Нагадаем, што 16 снежня 2011 года суд Партызанскага раёна Менска вынес рашэнне пра задавальненне ў поўным аб'ёме зыскавых патрабаванняў Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Партызанскім раёне г. Менска пра спагнанне з Валянціна Стэфановіча падаходнага падатку ў памеры 54 мільёнаў 357 тысяч 370 рублёў. У адпаведнасці з судовым рашэннем з праваабаронцы таксама спагнаная сума дзяржаўнай пошліны ў памеры 2 мільёнаў 717 тысяч 870 рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства