Узровень рэпрэсіяў у Беларусі – беспрэцэдэнтны
Пра гэта гаворыцца ў штогадовай справаздачы аб правах чалавека ў сьвеце, якую ў нядзелю, 22 студзеня абнародавала міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch.
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 19 сьнежня 2010 году былі несапраўднымі і разьбілі надзеі на дэмакратычны прагрэс у гэтай краіне, гаворыцца ў справаздачы са спасылкай на экспэртнае заключэньне Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.
У пасьлявыбарчыя месяцы ўлады распачалі кампанію ціску супраць праваабаронцаў, палітычных актывістаў, журналістаў і адвакатаў. Жорсткія абмежаваньні супраць свабоды аб'яднаньняў, сходаў і прэсы застаюцца ў сіле, а узровень рэпрэсіяў – беспрэцэдэнтны, падсумоўвае справаздача леташнія падзеі ў краіне.
Камэнтуючы глябальныя працэсы, арганізацыя заклікае краіны Захаду прызнаць станаўленьне ў сьвеце палітычнага ісламізму і навучыцца супрацоўнічаць зь ім неканфрантацыйным шляхам.