Брэсцкія актывісты Руху “За свабоду” судзяцца з выканкамам
На 24 студзеня прызначана паседжанне ў судзе Ленінскага раёна Брэста, якое тычыцца нежадання мясцовых уладаў паведаміць прадстаўнікам грамадскасці пра выкананне рашэння пра рэканструкцыю аднаго з гандлёвых аб’ектаў у цэнтры горада.
Размова ідзе пра гандлёвы цэнтр “Масква” на праспекце Машэрава ў Брэсце, рэканструкцыя якога была даручана арганізацыі “Санта-Сервіс”. Раней у гэтым гандлёвым цэнтры знаходзіліся аб’екты грамадскага харчавання і прадуктовая крама самаабслугоўвання. Аднак пасля змены ўласніка істотна змяніўся ня толькі профіль гандлёвых кропак (зараз тут ажыццяўляецца продаж бытавой тэхнікі і тавараў для дзяцей), але і аблічча самога будынку.
Таму брэсцкія актывісты Руху “За свабоду” вырашылі атрымаць у гарвыканкаме звесткі пра тое, якія патрабаванні архітэктурнага кшталту былі да новага ўласніка падчас рэканструкцыі і ці была ўзгоднена сама рэканструкцыя з адпаведнымі структурамі Міністэрства культуры.
Аднак з Брэсцкага гарвыканкама аўтары звароту атрымалі ліст, які ніякім чынам не адказвае на пастаўленыя пытанні. Як паведаміў адзін з ініцыятараў звароту Сяргей Вакуленка, прадстаўнікі грамадскасці палічылі такі адказ літаральнай адмовай ад прадстаўлення інфармацыі і вырашылі звярнуцца ў суд, бо лічаць, што мясцовыя ўлады парушылі закон аб зваротах грамадзян.