Сітуацыю ў Беларусі абмяркуе сесія ПАСЕ, што адкрываецца ў Страсбургу
Беларускае пытанне ўваходзіць у парадак дня зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), якая акрываецца сёння ў Страсбургу.
Чакаецца, што перад дэпутатамі ПАСЕ выступяць прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран, прэзідэнт Фінляндыі Тар'і Халонен, намеснік генсакратара ААН Мішэль Бачалет, генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава, брытанскі міністр па справах Еўропы Дэвід Лідынгтан, міністр замежных спраў Грузіі Грыгол Вашадзэ. На сесіі адбудзецца абранне новага прэзідэнта ПАСЕ і камісара Савета Еўропы па правах чалавека.
Беларускае пытанне плануецца абмеркаваць 25 студзеня. Перад парламентарыямі Савета Еўропы выступіць са справаздачай дакладчыка ПАСЕ па сітуацыі ў Беларусі Андрэс Херкель. Будзе таксама заслуханы даклад прадстаўніка камітэта ПАСЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека, нямецкага дэпутата Марылуізе Бек.
Як раней паведамляў БелаПАН, даклад Херкеля і праект рэзалюцыі, якія будуць вынесены на галасаванне, абмяркоўваліся 15 снежня на пасяджэнні палітычнага камітэта ПАСЕ.
Камітэт выказаў глыбокую занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека, а таксама грамадзянскімі і палітычнымі правамі ў Беларусі. Паводле меркавання камітэта, санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да афіцыйнага Мінска павінны захоўвацца і нават узмацняцца датуль, пакуль не будуць вызвалены палітзняволеныя, не спыніцца націск і пераслед палітычнай апазіцыі, незалежных СМІ і праваабаронцаў.
Прапаноўваецца не аднаўляць кантакты ПАСЕ з беларускімі ўладамі на высокім узроўні да ўвядзення ў Беларусі мараторыя на смяротную кару Да гэтага ж моманту павінна заставацца замарожанай і заяўка Беларусі на вяртанне Нацыянальнаму сходу статусу спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ.
Пры гэтым палітычны камітэт ПАСЕ лічыць неабходным узмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і дэмакратычных сіл Беларусі.
Варта адзначыць, што Беларусь — адзіная еўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы. Статус спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ беларускі парламент страціў 13 студзеня 1997 года ў сувязі з грубымі парушэннямі правоў чалавека ў краіне.