У Калінкавіцкім раёне каля 400 чалавек займаюцца ідэалагічнай працай
У Беларусі ёсць такая форма ідэалагічнай працы з насельніцтвам, як «Адзіныя дні інфармавання». У гэтыя вызначаныя дні, звычайна раз у месяц, на прадпрыемствы і арганізацыі наведваюцца «інфармацыйна-прапагандысцкія групы», якія складаюцца з розных начальнікаў і спецыялістаў. Удзельнікі ІПГ распавядаюць людзям, якія дасягненні мае РБ, як урад клапоціцца пра насельніцтва і г.д.
Апошнія гутаркі ІПГ з насельніцтвам якраз тычыліся эканамічнай сітуацыі ў краіне, дакладней, як кіраўніцтва краіны ў гэты час клапацілася пра людзей. Дарэчы, дні інфармавання праходзяць звычайна ў працоўны час, то бок людзей адрываюць ад працы, каб яны паслухалі пра дасягненні беларускага эканамічнага цуду.
Цікава, што ў такую «працу» інфармавання і прапаганды ўцягнуты мноства людзей. Так, згодна інфармацыі Калінкавіцкага райвыканкама, у раёне дзейнічаюць 28 тэрытарыяльных ІПГ (235 чалавек), а таксама 28 галіновых ІПГ (153 чалавекі). Акрамя таго, дзейнічае і моладзевая ІПГ. Карацей, не менш за 388 чалавек уцягнуты ў працу па інфармаванню і прапагандзе насельніцтва.
«Формы правядзення адзіных дзён інфармавання розныя: сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцу жыхарства, сельскія сходы, выезды агітцягнікоў ў сельскія населеныя пункты, правядзення справаздачных сходаў», - адзначаецца на сайце райвыканкама.
Агітацыйныя цягнікі ўзначальвае старшыня райвыканкама ці яго намеснікі. «Яны таксама ўключаюць у свой склад спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі, медыцыны, гандлю і абавязкова канцэртную праграму», - тлумачаць ідэолагі дзейнасць «агітцягнікоў».