viasna on patreon

Сям’ю Бяляцкага выкінуць на вуліцу

2012 2012-01-24T19:32:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч цяпер у Брусэлі, ён удзельнічае ў сустрэчах праваабаронцаў з эўрапарлямэнтарамі. Перад сустрэчай з эўракамісарам Штэфанам Фюле ён заявіў у інтэрвію «Свабодзе»:

«Дзякуючы кампаніі, праведзенай грамадзянамі Беларусі, ініцыяванай шэрагам няўрадавых арганізацый, была сплачана так званая шкода злачынства. І тое, што гэта не было ўлічана, яшчэ раз яскрава падкрэсьлівае палітычную матываванасьць гэтай справы. Я ўпэўнены, што пры іншых абставінах, калі б гэта быў не Бяляцкі, а нейкая іншая асоба, суд гэта ўлічыў бы. Што тычыцца прысуду ў частцы канфіскацыі, дык тут прысуд проста супярэчыць беларускаму заканадаўству. І тое, што гарсуд пакінуў гэта бязь зьменаў, сьведчыць пра тое, што было проста прынятае незаконнае рашэньне. Бо канфіскоўваць усю маёмасьць уключна з кватэрай, у якой пражывае сям’я, — гэта супярэчыць дзейнаму заканадаўству. Нельга канфіскоўваць кватэру, у якой пражывае сям’я. Цяпер атрымліваецца, што сям’я Бяляцкага будзе выкінутая на вуліцу згодна з гэтым рашэньнем».

Паводле Стэфановіча, беларускія дыпляматы казалі некаторым эўрапарлямэнтарам, што лёс Бяляцкага і вынік суду наўпрост залежаць ад рашэньня па санкцыях, якое будзе прынятае эўрапейцамі.

«У зьвязку з гэтым я мяркую, што прызначэньне даты касацыйнага абскарджаньня было загадзя сплянавана беларускімі ўладамі, каб даць магчымасьць яшчэ раз патаргавацца з Эўразьвязам палітвязьнямі».

Кіраўнік аддзелу Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Аляксандра Кулаева заявіла, што гэта чарговы сумны дзень у сэрыі, якая пачалася больш за год таму. Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека вельмі жорстка асудзіла сёньняшняе пацьвярджэньне прысуду Бяляцкаму. Кулаева таксама знаходзіцца ў Брусэлі, дзе прайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі Эўрапарлямэнту і іншых эўрапейскіх інстытутаў:

«Зусім відавочная палітычная замова гэтага працэсу. Ад самага пачатку мы ведаем, што задача пасадзіць Алея Бяляцкага і, магчыма, нават некаторых зь яго калегаў была пастаўлена „органамі“ ўжо напрыканцы 2010 году, яшчэ да 19 сьнежня. Гэта было пераканаўча прадэманстравана дакумэнтамі, прадстаўленымі на судовым працэсе яшчэ ў лістападзе. Такім чынам, палітычная замова гэтай судовай расправы над праваабаронцам і яго праваабарончай дзейнасьцю не ўяўляе для нас ніякага сакрэту. Таму сёньня эўракамісар Штэфан Фюле прыме дэлегацыю „Вясны“ і нашу, і мы будзем падымаць гэтае пытаньне на самым высокім узроўні».

Камэнтуючы сёньняшні прысуд па справе Бяляцкага, экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў адзначыў, што ў прадстаўнікоў дзейнага рэжыму ў Беларусі яшчэ не прайшла, як кажуць палякі, «хэнць» даводзіць сьвету і самім сабе, што яны тут гаспадары і вольныя рабіць з законамі і людзьмі што заўгодна, незалежна ад таго, што казалі перад гэтым:

«Перад гэтым казалася, што няхай заплаціць грошы — і, як усе гэтыя эканамічныя, выйдзе на волю. Гэта супярэчыць лёгіцы, прагматызму. Гэта супярэчыць будучыні і разьвіцьцю, гістарычнаму шляху Беларусі да Эўропы, усяму здароваму сэнсу. Не супярэчыць толькі сутнасьці гэтага рэжыму. Але гэта адна з апошніх дэманстрацый сілы, бо ў тых варунках, у якіх апынулася Беларусь, у якіх Лукашэнка павінен кідацца ў самалёт і ляцець катацца на лыжах з прэзыдэнтам Расеі, каб высьветліць, ці будзе яму дазволена заключаць з Кітаем кантракт на тое, на што ён зьбіраецца заключыць, — у гэтых варунках давядзецца выпускаць палітвязьняў, давядзецца думаць ня толькі пра лёс народа і краіны, да якіх, падобна, Лукашэнка абыякавы, але і пра свой».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства