viasna on patreon

Ва Украіне ідзе кампанія ў падтрымку палітвязняў Беларусі

2012 2012-01-26T17:59:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Ініцыятарам яе з'яўляецца міжнародны Цэнтр "Супрацоўніцтва без межаў". У межах кампаніі ў падтрымку беларускіх палітвязняў з відэазваротамі выступяць вядомыя ўкраінцы.

Першым з іх стаў былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны. У сваім звароце ён выказаў словы падтрымкі Андрэю Саннікаву, Змітру Дашкевічу, Змітру Бандарэнку ды іншым беларускім палітвязням.

Арганізацыя сваёй кампаніяй спадзяецца таксама актывізаваць звычайных украінцаў на падтрымку беларускіх палітвязняў. У канцы кожнага роліка будуць размяшчацца адрасы, на якія украінцы змогуць напісаць лісты беларускім палітвязням. 

Еўрарадыё паразмаўляла з ініцыятарам акцыі каардынатарам Цэнтру "Супрацоўніцтва без межаў” Ігарам Гузём.

Еўрарадыё: Першы відэазворот – словы падтрымкі ад былога амбасадара Украіны ў Беларусі Рамана Бяссмертнага. Хто яшчэ плануецца?

Гузь: Мы плануем шэраг дэпутатаў вярхоўнага савета. У нас ёсць парламенцкая група Украіна-Беларусь, туды ўваходзяць дэпутаты, якія лічаць, што палітзняволеныя ў Беларусі – гэта не 21-е стагоддзе і нават не 20-е, гэта вынік дзейнасці дыктатуры Лукашэнка. Гэта будуць вядомыя музыкі, прадстаўнікі цэркваў, якія таксама ведаюць што ў Беларусі ёсць і палітзняволеныя і рэпрэсіі супраць царквы. Гэта будуць грамадскія актывісты, якія таксама ведаюць аб праблемах Беларусі. Нашыя відэазвароты скіраваныя як на украінцаў так і на беларусаў. На украінцаў – каб яны разумелі, што робіцца ў Беларусі, бо тэлебачанне гэтага не паказвае. Не ўсе ведаюць што ў вас ёсць палітзняволеныя, што адбыліся недэмакратычныя выбары, што са сваім родным бел-чырвона-белым сцягам нельга прайсці па вуліцах горада.

Еўрарадыё: А хто з музыкаў мог бы зрабіць такі відэазварот? Алег Скрыпка? Святаслаў Вакарчук?

Гузь: Мы не можам гаварыць наперад, але гэта будуць музыкі, папулярныя і ва Украіне і ў Беларусі. Напрыклад, зараз мы ўжо запісалі  відэазварот народнага дэпутата Украіны. То бок мы будзем падаваць такімі порцыямі, паступова, каб кампанія магла цягнуцца цэлы год ці па меншай меры да таго як усе палітзняволеныя выйдуць з турмаў.

Еўрарадыё: Ці праводзіла ваша арганізацыя штосьці падобнае ў падтрымку украінскіх палітзняволеных, напрыклад Юліі Цімашэнкі?

Гузь: Гэта іншы кантэкст, бо партыя Юліі Цімашэнкі мае 100 дэпутатаў у Вярхоўным савеце. На сайце яе партыі гэта рабілася. Мы як грамадска-палітычная арганізацыя займаемся рознымі сферамі, у прыватнасці я як дэпутат вярхоўнага савета.

Еўрарадыё: Раман Бяссмертны ў сваім звароце звяртаецца да Андрэя Саннікава, да Змітра Дашкевіча, да іншых, але ж беларускія палітвязні не змогуць пабачыць гэтага звароту. Відаць гэта скіравана ўсё ж да украінскіх грамадзянаў?

Гузь: Я разумею, што відэа яны не ўбачаць, але ім перададуць. Гэта хутчэй філасофскі і маральны падтэкст што украінскі амбасадар прамаўляе да іх. Рана ці позна яны выйдуць і ўбачаць, што Украіна іх падтрымлівае.

Еўрарадыё: А адкуль паўстала ідэя такіх відэазваротаў?

Гузь: Мы бачылі, як гэта рабіў Вольны тэатр у Мінску, калі вядомыя людзі з Англіі і ЗША, вядомыя акцёры рабілі такія відэазвароты па праблематыцы парушэння дэмакратыі і правоў грамадзянаў у Беларусі. Тое ж ёсць сёння ў Расіі, ёсць людзі, якія робяць відэазвароты па Хадаркоўскаму. 

відэа з Раманам Бязсмертным

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства