Абсерваторыя па Абароне Праваабаронцаў заклікае вызваліць Алега Волчака
Абсерваторыя па Абароне Праваабаронцаў
BLR 001 / 0112 / OBS 014
Адвольнае затрыманне / Юрыдычны пераслед
Беларусь
27 студзеня 2012
ТЭРМІНОВЫ ЗВАРОТ
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Міжнароднай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), просіць вашага ўмяшання ў наступную сітуацыю ў Беларусі.
Апісанне сітуацыі:
Абсерваторыя была праінфармаваная надзейнымі крыніцамі аб арышце сп. Алега Волчака, старшыні “Прававой дапамогі насельніцтву” - арганізацыі, якая займалася юрыдычнай дапамогай і была ліквідаваная ў 2003 г. Арганізацыя нядаўна апублікавала справаздачу пра суд над сп. Алесем Бяляцкім, старшынёй ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнтам FIDH. У апошні час праца сп. Волчака была засяроджаная не толькі на палітзняволеных.
Паводле атрыманых звестак, каля 15:35 27 студзеня 2012 года сп. Алег Волчак быў арыштаваны міліцыяй непадалёк ад бульвара Шаўчэнкі ў Менску ў сувязі з абвінавачваннем у “хуліганстве” артыкул 17.1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях). Дакладныя прычыны яго затрымання невядомыя.
У часе прыняцця гэтага тэрміновага звароту сп. Алег Волчак утрымліваўся ў Маскоўскім РУУС г. Менска. Суд над ім адбудзецца ў судзе Цэнтральнага раёна г. Менска 30 студзеня 2012 г.
Патрэбныя дзеянні:
Абсерваторыя заклікае ўлады Беларусі:
1. Гарантаваць пры любых абставінах фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць сп. Алега Волчака, як і ўсіх праваабаронцаў Беларусі;
2. Неадкладна і безумоўна вызваліць сп. Алега Волчака, паколькі яго затрыманне з'яўляецца адвольным;
3. Пакласці канец усім формам пераследу супраць яго, у тым ліку на юрыдычным узроўні, як і ўвогуле супраць усіх праваабаронцаў у краіне;
4. Прытрымлівацца прадпісанняў Дэкларацыі ААН аб Праваабаронцах, у прыватнасці:
- Артыкула 1, паводле якога “кожны мае права, адзінаасобна і ў аб'яднанні з іншымі, займацца заахвочваннем, абаронай і рэалізацыяй правоў чалавека і асноўных свабодаў на дзяржаўным і міжнародным узроўні”,
- Артыкула 12.2, у якім абвяшчаецца, што “дзяржава павінна прымаць неабходныя меры дзеля забеспячэння абароны кампетэнтнымі органамі кожнага, як адзінаасобна так і ў аб'яднанні з іншымі, ад любых відаў гвалту, пагроз, помсты, дыскрымінацыі дэ факта і дэ юрэ, ўціску або якіх-небудзь іншых адвольных дзеянняў у якасці наступства за законную рэалізацыю правоў, выкладзеных у дадзенай Дэкларацыі”;
5. Увогуле забяспечыць пры любых абставінах павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з Усеагульнай Дэкларацыяй правоў чалавека ды міжнароднымі і рэгіянальнымі праваабарончымі дакументамі, ратыфікаванымі Беларуссю.
Парыж-Жэнева, 27 студзеня 2012