Сойм Партыі БНФ запатрабаваў неадкладнага вызвалення Сяргея Каваленкі
На адбыўшымся 28 студзеня Сойме партыі БНФ была прынятая заява, у якой сябры Сойму запатрабавалі ад уладаў неадкладнага вызвалення грамадскага актывіста з Віцебска Сяргея Каваленкі і пакарання вінаватых у грубым парушэнні яго правоў, ужыванні катаванняў і незаконным утрыманні пад вартай. За прыняццё заявы ў падтрымку Сяргея Каваленкі сябры Сойму прагаласавалі адзінагалосна.
У прыватнасці, у заяве гаворыцца: “Сойм партыі БНФ катэгарычна пратэстуе супраць незаконнага зняволення мужнага абаронцы беларускіх нацыянальных сімвалаў Сяргея Каваленкі і супярэчных з міжнароднымі абавязкамі Рэспублікі Беларусь спробаў абыходжання з ім у Віцебскім СІЗА № 2”.
Таксама ў заяве Сойм партыі БНФ звярнуўся да міжнародных арганізацый і ўрадаў дэмакратычных краін з заклікам: “ Сойм партыі БНФ таксама заклікае ўсе міжнародныя арганізацыі і ўрады дэмакратычных краінаў ставіць абавязковай умовай аднаўлення любых кантактаў з афіцыйнымі асобамі Беларусі неадкладнае вызваленне і рэабілітацыю ўсіх палітычных зняволеных, уключна з Сяргеем Каваленкам”.
Падчас правядзення Сойму яго сябры арганізавалі збор грашовых ахвяраванняў для аказанння дапамогі сям’і Сяргея Каваленкі. Сабраныя грашовыя сродкі будуць перададзеныя жонцы палітвязня.