viasna on patreon

Перад праверкай бытоўкі абсталявалі ўмывальнікамі

2012 2012-02-01T14:22:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/paulouski_aliaksiej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляскей Паўлоўскі

Аляскей Паўлоўскі

Пасля скаргі магілёўскага актывіста незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Аляксея Паўлоўскага ў Камітэт па архітэтуры і будаўніцтву Магілёўскага аблвыканкама была праведзена праверка.
Нагадаем, што муляр Паўлоўскі скардзіўся на парушэнне санітарна-бытавых умоваў знаходжання будаўнікоў на будаўніцтве новага дрэваапрацоўчага завода, які інвестуе ЗТАА “ВМГ Індустры”.
Пасля праверкі актывіст незалежнага прафсаюза атрымаў адказ, у якім гаворыцца, што бытавыя памяшканні субпадрадных арганізацый былі перамешчаны на пляцоўку будаўнічага аб’екта, і да іх было падведзена асвятленне. Пры выбарачным аглядзе бытовак у іх былі ўмывальнікі і пітная вада, а субпадрадныя арганізацыі “Магілёўтэхмантаж” і “Магілёўскі ДБК” прадаставілі копіі карт атэстацыі працоўных месцаў па ўмовах працы па прафесіях “мантажнік тэхналагічнага абсталявання і звязаных з ім канструкцый” і “мантажнік будаўнічых канструкцый”.
Аляксей Паўлоўскі абураны такім адказам, бо ракавіны і ўмывальнікі ў некаторых бытоўках былі ўсталяваны непасрэдна перад праверкай, і камісія наведала менавіта гэтыя бытоўкі.
“Усяго пару ўмывальнікаў было ўсталявана перад прыходам камісіі ў тамбуры бытовак. Аднак і імі немагчыма карыстацца, бо няма ракавін для зліва вады. Даплаты мантажнікам “Магілёўтэхмантаж” за цяжкія ўмовы працы, гэтаксама як і адпачынак, не прадастаўляецца. Картаў атэстацыі працоўных месцаў ніхто не бачыў”, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі.
“Падчас тэлефоннай размовы з правяраючай Ларысай Веліх мне было паведамлена, што па выніках атэстацыі павінна адбывацца даплата ў памеры 0,14% да тарыфнай стаўкі перашага разрада і прадастаўляцца дадатковы адпачынак у колькасці 7 дзён”, - працягвае муляр.
“Калі ж я патэлефанаваў у Упраўленне №2 “Магілёўтэхмантаж”, то яе супрацоўніца Людміла Кабышава паведаміла, што зарплата мантажніка 5-га разраду скаладае каля двух мільёнаў рублёў, даплатаў па шкоднасці няма і дадатковыя дні для адпачынку не прадастаўляюцца. Дык што тады атрымліваецца? Правяраючым прадастаўляюць адны звесткі, а рабочым даюць іншыя?” – абураецца Аляксей Паўлоўскі.
Актывіст незалежнага прафсаюза РЭП адзначае, што па пытанні аб індэксацыі заробкаў і прадастаўленні дадатковых дзён для адпачынку мер ніякіх не было прынята, а была толькі адпіска звяртацца, калі не згодны з адказам, у суд. Гэты адказ ён збіраецца абскарджваць у вышэйстаячых інстанцыях.
Нагадаем, што з актывістам Аляксеем Паўлоўскім не быў працягнуты працоўны кантракт на чарговы тэрмін. Ён заяўляе, што прычынай гэтаму сталася ягоная актыўная дзейнасць па абароне правоў працоўных і паляпшэнні санітарна-бытавых умоваў будаўнікоў. Ад 10 лютага муляр будзе беспрацоўным.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства