“Вясна”: паўгода без Алеся Бяляцкага
Паўгода Праваабарончы цэнтр “Вясна” працуе без свайго кіраўніка – Алеся Бяляцкага. Праваабаронца быў затрыманы 4 жніўня 2011 года, а 24 лістапада асуджаны да 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Ізаляцыя старшыні праваабарончай арганізацыі, следчыя дзеянні, допыты ў якасці сведак сябраў арганізацыі, урэшце і сам суд, безумоўна, дадалі клопатаў і трывог для супрацоўнікаў цэнтру. Аднак на жыццядзейнасці “Вясны” гэта істотным чынам не адбілася, паколькі сябры арганізацыі не паддаліся разгубленасці і годна працягвалі сваю дзейнасць.
Як працуе “Вясна” сёння без свайго нязменнага кіраўніка і натхняльніка Алеся Бяляцкага? Якімі думкамі і спадзяваннямі жывуць “вясноўцы”? Пра гэта сёння распавядаюць сябры праваабарончага цэнтру.
Намеснік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч:
– З аднаго боку, наша дзейнасць за гэты час змянілася, з іншага – не змянілася. “Вясна”, як і раней, працягвае актыўна працаваць на міжнародным узроўні з разнастайнымі структарамі ААН (Камітэтам па правах чалавека, Камітэтам па катаваннях), структурамі Еўразвязу і Рады Еўропы, партнёрскімі праваабарончымі арганізацыямі. А змянілася таму, што да розных звыклых для нас накірункаў дзейнасці і тэмаў далучылася пытанне Алеся Бяляцкага. Мы шмат увагі надзялялі менавіта гэтаму пытанню. У нас быў шэраг сур’ёзных сустрэчаў на розных узроўнях. Напрыклад, падчас апошняй сустрэчы з Еўракамісарам Фюле мы 40 хвілінаў размаўлялі пра сітуацыю ў Беларусі наогул і сітуацыю з Алесем Бяляцкім, у прыватнасці.
Лічу, што інтэнсіўнасць нашай працы ніколькі не зменшылася, проста дадаўся яшчэ адзін аспект – справа Алеся Бяляцкага. Хаця, безумоўна, мы заўсёды ў звязку з гэтай крымінальнай справай кажам агулам пра балючую праблему наяўнасці палітвязняў у Беларусі.
Сябра Рады ПЦ “Вясна” Тацяна Рэвяка:
– Для мяне вельмі важна, што пасля арышту Алеся Бяляцкага. "Вясна" працягвае сваю працу ў поўным складзе – ні адзін з “вясноўцаў” не сышоў з арганізацыі і не спыніў сваёй праваабарончай актыўнасці. Гэта датычыць усіх накірункаў дзейнасці і ўсіх рэгіёнаў, дзе мы прысутнічаем. Думаю, што менавіта гэта і меў на ўвазе Алесь, калі ў судзе казаў: "Жыве Вясна!" і чуў у адказ "Жыве!".
Арышт Алеся яшчэ больш скансалідаваў “вясноўцаў” і паказаў у чарговы раз, што ”Вясна” – арганізацыя аднадумцаў, якія свядома працуюць у галіне правоў чалавека, разумеючы ўсе пагрозы і выклікі сённяшняга часу. Я вельмі ганаруся сваімі калегамі і тым, што належу да гэтай супольнасці.
Асабіста для мяне арышт Алеся быў моцным ударам, але не быў нечаканым. Зараз мы раздзелены кратамі і турэмнымі мурамі, але мы застаемся калегамі і сябрамі, сувязь наша зараз – толькі праз ліставанне. Канешне, цяжка без Алеся, перажываю за яго, за ягонае здароўе, і адначасова захапляюся ягонай мужнасцю і сілай духа.
Супрацоўніца ПЦ “Вясна” Алена Лапцёнак:
– Калі гаварыць менавіта пра мой эмацыйны стан, то выказаць словамі такія рэчы даволі цяжка. Мушу прызнацца, што я да апошняга моманту не верыла ў саму магчымасць як працяглага арышту Алеся, так і вынясення яму такога жорсткага прысуду. І не таму, што веру ў справядлівасць ці не даацэньвала нашыя ўлады, проста, напэўна, так прасцей – не думаць пра кепскае і не чакаць яго. Тым больш, што столькі гадоў “Вясна” існавала без рэгістрацыі і, здавалася б, усе пагрозы яе абыходзілі: яна толькі дужала і набывала ўсё большы міжнародны аўтарытэт. Нават калі ў папярэднія гады я сама запісвала з Алесем інтэрв’ю і задавала пытанне кшталту “а ці не баіцеся вы пераследу?”, прадбачыла адказ, што выбар зроблены і “мы за ценой не постоим”, хоць тады гэта можа і гучала крыху пафасна.
Вось і зараз мая свядомасць адмаўляецца ўспрымаць падзеі апошніх паўгода, тым больш, што ўсё, акрамя адсутнасці нашага кіраўніка, засталося фактычна нязменным: і нашыя справы, і сябры. У мяне такое ўражанне, нібыта Алесь проста з’ехаў у камандыроўку і хутка вернецца, а лісты, якія ён піша з-за кратаў, прасякнутыя аптымізмам і цікавымі ўспамінамі пра наша нядаўняе мінулае. Калі знаходжу ў паштовай скрынцы чарговы ліст, падымаецца настрой: прачытаеш, напішаш адказ – вось, нібыта і пагаварылі...
Супрацоўніца ПЦ “Вясна” Наста Лойка:
– Пасля затрымання і арышту Алеся Бяляцкага праца нашай грамадзскай прыёмнай не спынялася ні на хвіліну. Па ягоным настаўленні мы шмат у чым сталі працавалі яшчэ актыўней,больш дынамічна, не зважаючы на ўласны маральны стан і ўзмацненне знешніх пагрозаў.
Мы таксама ўсведамляем, што паколькі прысуд старшыні “Вясны” прадугледжвае канфіскацыю маёмасці, існуе пагроза ў будучыні пазбаўлення нашага офісу ў Менску, але гэта адбудзецца не так хутка, не зараз. Сёння мы працягваем працаваць у ранейшым памяшканні, і нават у выпадку канфіскацыі маем “запасныя варыянты” і будзем надалей аказваць прававую дапамогу, прымаць і кансультаваць людзей, дапамагаць ім.