Для ўзгаднення назвы ўстановы “Панцеляймон” чыноўнік прапанаваў доктару звярнуцца да святога
Слонімскі доктар Іван Шэга ўжо не адзін месяц спрабуе зарэгістраваць грамадскую інфармацыйную ўстанову для пацыентаў “Панцеляймон” у гонар святога Панцеляймона (святы вялікамучанік Панцеляймон дапамагае пазбаўляцца ад цялесных і духоўных хвароб). Гэта ўстанова бясплатна давала б слонімцам розныя кансультацыі па медыцыне, па юрыдычных пытаннях, звязаных з лячэннем і платнымі медыцынскімі паслугамі і г.д. Але ён ніяк не можа прайсці першы этап рэгістрацыі. Каля 15 розных адмоўных адказаў Іван Шэга атрымаў з Гродна з аддзела па вядзенні Адзінага дзяржаўнага рэгістра Гродзенскай вобласці. У апошнім адказе намеснік начальніка аддзела А.В.Губановіч таксама даў адмоўны адказ, паведаміўшы, што “не допускаются к согласованию собственные имена лиц, если они не совпадают с именами учредителей и учредители не получили разрешения таких лиц (их последников)”. Выходзіць, што Івану Шэгу неабходна звяртацца да святога Панцеляймона па дазвол, хоць у храм да іконы святога Панцеляймона ідзі.