Вынік галоснасці: кошты за камунальныя паслугі ў спецкамендатуры Купліна зніжаны
У “хімікаў” Куплінскай спецкамендатуры №7, дзе адбывае пакаранне палітвязень Павел Севярынец, -- добрая навіна. Пасля інфармацыйнай хвалі, якая пракацілася ў інтэрнэце, кіраўніцтва камендатуры паведаміла асуджаным, што плата за камунальныя паслугі за студзень зніжана з 340 да 140 тысячаў беларускіх рублёў.
Па словах палітвязня Паўла Севярынца, кіраўніцтва камендатуры зрабіла станоўчы крок, бо новыя кошты паставілі многіх вязняў на межу выжывання. Атрымліваючы невялікія заробкі, некаторыя з іх проста перасталі плаціць жа жытло. Дзе здаровы сэнс, калі за слабое цяпло, іржавую халодную ваду, адсутнасць гарачай трэба было б плаціць на траіх за пакойчык у 12 метраў квадратных больш мільёна рублёў (у ліпені плацілі 40 тысячаў, у снежні ўжо - 160, а ў студзені загадалі- 340)?
Кіраўніцтва спецкамендатуры не назвала прычыну свайго рашэння, але адзначыла, што што зроблена гэта не з-за таго, што пра склаўшуюся сітуацыю шырока пісалі ў інтэрнэце і не таму, што абурыліся людзі, а па нейкай іншай. Па якой – так і застаецца таямніцай.