viasna on patreon

Актывіст абскарджвае рашэнне раённага суда

2012 2012-02-07T12:05:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Брэсцкі каардынатар Руху «За Свабоду» Дзяніс Турчаняк падаў касацыйную скаргу на рашэнне суда Ленінскага раёна Брэста, які раней адмовіў у задавальненні скаргі Дзяніса Турчаняка на незаконныя дзеянні намесніка старшыні гарвыканкама.

Рашэнне раённага суда Дзяніс Турчаняк лічыць незаконным і неабгрунтаваным, паколькі суд паказаў, што гарвыканкам дзейнічаў у адпаведнасці з заканадаўствам, адмовіўшыся выдаваць копіі прынятых ім рашэнняў, не ўлічваючы пры гэтым, закранаюцца ці не правы і інтарэсы іншых асоб. Суд таксама не прыняў пад увагу, што намеснікам старшыні Брэсцкага гарвыканкама Вячаславам Хафізавым парушана права Турчаняка ўдзельнічаць у ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Менавіта для гэтай мэты ён і запытваў копіі рашэнняў гарвыканкама.

«Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь прама замацавана маё права на атрыманне інфармацыі, доступ да якой не забаронены альбо не абмежаваны ва ўстаноўленым законам парадку, маё права і абавязак па абароне гісторыка-культурнай спадчыны. У заканадаўстве адсутнічаюць нормы, якія ўстанаўліваюць забарону на атрыманне інфармацыі, якая змяшчаецца ў рашэннях мясцовых органаў улады, а таксама рэжым сакрэтнасці або абмежаванні доступу да дадзенай інфармацыі», — кажа Дзяніс Турчаняк.

На думку брэсцкага каардынатара Руху, быў таксама парушаны прынцып галоснасці і ўліку грамадскай думкі, інфармавання грамадзян аб прымаемых рашэннях па найважнейшых пытаннях мясцовага значэння, замацаваны ў Законе «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь».

«Не вывучыўшы рашэнне гарвыканкама ў дачыненні да аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны я не магу ведаць, ці парушаныя мае правы, гарантаваныя Канстытуцыяй на гісторыка-культурную спадчыну. Адмова ў прадстаўленні звестак аб дзейнасці дзяржаўнага органа з'яўляецца парушэннем прынцыпу народаўладдзя, паколькі ўся кампетэнцыя дзяржаўнага органа яму дэлегавана народам, гэта значыць мною ў тым ліку, і я, як грамадзянін, маю права ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю дзяржоргана», — адзначае Дзяніс Турчаняк.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства