viasna on patreon

Крымінальная справа за дапамогу ў дачы хабару супраць Дзьмітрыя Дземчанкі, былога гарадзенскага судзьдзі, вядомага па гучных працэсах над апазіцыянерамі, закрытая

2006 2006-09-08T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пытаньне аб магчыматым, ці можна ў нашай краіне пакарацьНесудзімы судзьдзя

Крымінальная справа за дапамогу ў дачы хабару супраць Дзьмітрыя Дземчанкі, былога гарадзенскага судзьдзі, вядомага па гучных працэсах над апазыцыянэрамі, закрытая. Піша Ірына Чарняўка.

Справа была распачатая ў студзені гэтага году з падачы КДБ. У ёй фігуруе сума 25 тысячаў даляраў, якая нібыта была перададзеная для судзьдзі Ленінскага раёну Горадні Дзьмітрыя Дземчанкі за тое, каб ён паспрыяў у скарачэньні тэрміну зьняволеньня для асуджанага. Справу супраць судзьдзі распачала Генэральная пракуратура з дазволу А.Лукашэнкі; Дзьмітры Дземчан-ка сышоў з пасады, і зь яго была зьнятая недатыкальнасць.

Імя Дз.Дземчанкі даўно ўпісана ў маніторынгі парушэньняў правоў чалавека. Праз гэтага маладога чалавека (Дземчанку 33 гады) прайшло мноства гарадзенскіх апазыцыйных ды грамадзкіх актывістаў і журналістаў  большасьць у адміністрацыйных, некаторыя ў крымінальных працэсах. Напрыклад, у 2002 г. ён судзіў 13 гарадзенскіх журналістаў, удзельнікаў пікетаў у абарону закрытай газэты «Пагоня», і даў шасьці зь іх ад 3 да 15 сутак арышту, а яшчэ чатыром  штрафы. Таму навіна пра справу супраць Дз.Дземчанкі выклікала пільную цікавасьць у дэмакратычным асяродку Горадні.

Пра тое, што Дз.Дземчанка больш не судзьдзя, першым даведаўся яго былы падсудны  лідэр рэспубліканскага страйкаму прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі. У 2004 г. Дз.Дземчанка вёў справу пра «абразу прэзыдэнта», у якой В.Леванеўскі і яго намесьнік Аляксандар Васільеў былі асуджаныя на два і паўтара году зьняволеньня ў калёніях агульнага рэжыму. Выйшаўшы на волю ў траўні гэтага году, В.Леванеўскі напісаў у Гарадзенскую абласную пракуратуру заяву з патрабаваньнем прыцягнуць судзьдзю да крымінальнай адказнасьці за незаконны вырак. У адказе старшы сьледчы пракуратуры вобласьці паведаміў, што супраць Дз.Дземчанкі крымінальная справа ўжо ёсьць. А ў Ленінскім судзе дапытліваму прадпрымальніку распавялі, што Дз.Дземчанка там не працуе, «звольніўся на ўласнае жаданьне».

Пачатак крымінальнай справе супраць судзьдзі дала заява бацькі 20-гадовага хлопца, асуджанага на 8 год зьняволеньня за продаж марыхуаны. Мужчына распавёў, што ад чэрвеня да верасьня 2005 г. перадаў праз «пасярэдніка», знаёмага прадпрымальніка, 25 тысячаў даляраў судзьдзю Дз.Дземчанку, які паабяцаў паспрыяць, каб у касацыйнай інстанцыі, абласным судзе, сыну скарацілі тэрмін зьняволеньня. (Цікавая падрабязнасьць пра стасункі «пасярэдніка» і судзьдзі: годам раней Дземчанка вёў супраць гэтага прадпрымальніка працэс і за махлярства адправіў на «хімію», якую пасьля замянілі на папраўчыя працы. Пазьней, паводле словаў Дз.Дземчанкі,  яны спатыкаліся некалькі разоў у адных кампаніях.)

Аднак касацыя паводле справы 20-гадовага хлопца была прайграная, Вярхоўны суд таксама прысуду не зьмяніў  і бацька пачаў патрабаваць ад Дз.Дземчанкі свае грошы назад.

У лістападзе судзьдзя аддаў бацьку 13 тысячаў даляраў, сказаўшы, што менавіта столькі яму перадаў «пасярэднік». Некалькі тыдняў мужчына штодня, як на працу, хадзіў да судзьдзі, патрабаваў астатнія 12 тысячаў, папярэджваў, што зьвернецца ў «органы»  і пры гэтым запісваў свае зь ім размовы на дыктафон. У студзені, так і не дабіўшыся астатніх грошай, бацька зьвярнуўся ў КДБ.

Падазраваных у справе адразу аказалася двое: «пасярэднік» ды судзьдзя Дз.Дземчанка. Статус у іх быў розны, дый павялі сябе яны па-рознаму. Таму розным стаўся іх лёс.

Дземчанка  судзьдзя, справы супраць судзьдзяў распачынае Генэральная пракуратура, атрымаўшы дазвол «органу, які прызначае на пасаду». Орган гэты ў Беларусі  прэзыдэнт. Да таго ж у тым самым студзені Дземчанка прыйшоў у КДБ «з павіннай» і ад свайго ўдзелу ў перадачы хабару не адмаўляўся. Таму і сьледзтва ў дачыненьні да яго было празь пяць месяцаў спыненае, таму і на судовым працэсе ён праходзіў ужо сьведкам.

«Пасярэднік» жа віны свае не прызнаў і па факце хабару падчас сьледзтва і на судзе паказаньні даваць адмовіўся. Таму ўвесь цяжар абвінавачаньняў лёг толькі на яго. На працэсе ён стаўся адзіным абвінавачаным, і на падставе паказаньняў сьведкаў у пачатку жніўня быў асуджаны на 8 год зьняволеньня  за «махлярства» і «падбухторваньне да дачы хабару».

Аднак ні за паўгоду сьледзтва, ні ў судзе так і не прагучала яснага адказу на галоўнае пытаньне: дзе грошы, дзе тыя зьніклыя 12 тысячаў?

Схему, паводле якой адбываўся «рух капіталу», апісаў сам Дземчанка ды іншыя сьведкі ў сваіх паказаньнях на адкрытым судовым працэсе над «пасярэднікам».

Бацька кажа, што ў чэрвені 2005 г. перадаў «пасярэдніку» для Дземчанкі 3 тысячы, у жніўні  20 тысячаў, у верасьні  2 тысячы даляраў. Дземчанка распавёў, што атрымаў ад «пасярэдніка» спачатку 8 тысячаў, а пасьля 5  ды перадаў усю суму іншаму судзьдзю, назавём яго Z. У лістападзе, калі бацька асуджанага хлопца стаў патрабаваць грошы назад, Z, паводле паказаньняў Дземчанкі, гэтыя 13 тысячаў вярнуў, і Дземчанка аддаў іх бацьку. На допытах падчас сьледзтва Z адразу і катэгарычна заявіў, што ня меў ніякага дачыненьня да гэтай гісторыі. І хоць спасылка на яго паказаньні ёсьць у шэрагу дакумэнтаў  у крымінальнай ды судовай справе ён аніяк не праходзіць.

У такой трактоўцы карупцыйны ланцужок абрываецца менавіта на Дз.Дземчанку. Але, выносячы вырак, суд палічыў, што гэтая сума асела менавіта ў «пасярэдніка».

Цяпер асуджаны «пасярэднік» рыхтуецца да касацыі ў гарадзенскім сьледчым ізалятары. Z застаецца на сваёй пасадзе і працяг-вае працаваць судзьдзём. Дз.Дземчанка ўладкаваўся на працу ва ўпраўленьні прыватызацыі Гарадзенскага аблвыканкаму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства