Недзяржаўная газета "Витебский курьер" аштрафаваная на паўтара мiльёна беларускiх рублёў
Шостага верасня ў Віцебску закончылася судовая справа па зыску віцебскага прадпрымальніка Аляксандра Данілава да недзяржаўнай газеты "Витебский курьер" аб абароне гонару і дзелавой рэпутацыі. Суд прыняў рашэнне часткова задаволіць пазоў А. Данілава і пастанавіў спагнаць на яго карысць з выдаўца газеты 1 мільён 500 тысяч рублёў, з аўтара артыкула - 150 тысяч рублёў, таксама газета павінна кампенсаваць судовыя выдаткі істца і надрукаваць на сваіх старонках абвяржэнне.
Нагадаем, прычынай пазову стаў артыкул "Плошча Свабоды для вузкага кола", у якім ішла гаворка пра меркаванае будаўніцтва А. Данілавым Цэнтра моладзевага адпачынку на плошчы Свабоды. Аўтар артыкула Сцяпан Старажыл выразіў заклапочанасць, ці патрэбны падобны аб'ект у гістарычным цэнтры горада, і выказаў меркаванне, што рашэнне гарвыканкама аб адводзе зямельнага ўчастка грамадзяніну А. Данілаву для будаўніцтва Цэнтра моладзевага адпачынку скараспелае і прынятае без абмеркавання грамадскасцю.
Судовая справа разглядалася суддзёй Таццянай Жураўковай на працягу двух месяцаў, з 4 ліпеня. У выніку суд толькі часткова задаволіў патрабаванні істца - першапачаткова А. Данілаў патрабаваў з газеты і аўтара артыкула 35 мільёнаў рублёў, менавіта ў столькі ён ацаніў свой маральны ўрон.
Рэдакцыя газеты "Витебский курьер" намерана ў бліжэйшы час абскардзіць рашэнне суда ў вышэйшых інстанцыях, паведаміла прэс-служба БАЖу.