Навіны палітвязняў ад Свабоды
Андрэю Саньнікаву ў Віцебскай калёніі знайшлі працу. У Мікалая Аўтуховіча ў выніку перанесенага стрэсу рэзка пагоршыўся зрок. Мікалай Статкевіч спадзяецца на хуткае вызваленьне Андрэя Саньнікава і Алеся Бяляцкага. Зьмітру Бандарэнку забаранілі пазваніць дамоў без тлумачэньня прычын. Прывітаньне ад Эдуарда Лобава прыйшло празь ягонага сябра ў калёніі.
Жонка Мікалая Аўтуховіча Алена зь ліста ад мужа
даведалася пра новую праблему зь ягоным здароўем: у Мікалая рэзка
пагоршыўся зрок. Верагодная прычына — стрэс, перанесены ў Івацэвіцкай
калёніі, дзе Аўттуховічу давялося рэзаць вены каб абараніць свой гонар.
У выніку зараз Мікалай дрэнна бачыць, вязень ня можа чытаць, бо яму ўжо
не падыходзяць старыя акуляры, а набыць новыя ў турме немагчыма.
Алена Аўтуховіч: «Добра, што яшчэ афтальмоляг яго
агледзеў і вызначыў, якія яму патрэбны акуляры. Пакуль падабраў нешта
блізкае ў сукамэрніка і ягонымі час ад часу карыстаецца. І то лепш, чым
нічога, як было ў Івацэвічах — навобмацак усё рабіць даводзілася. Да яго
я змагу паехаць, каб перадаць новыя акуляры, толькі праз паўгода. Раней
не даюць спатканьня».
Мікалая Аўтуховіча, які пакараны на 5,5 году калёніі, утрымліваюць
у гарадзенскай турме як злоснага парушальніка турэмных парадкаў.
Другі «злосны парушальнік», былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч,
якога трымаюць у Магілёўскай «крытай» турме, даслаў жонцы ліст,
зь якога вынікае, што Статкевіч абазнаны ў сытуацыі вакол іншых
палітвязьняў.
«Вельмі перажывае за Саньнікава, просіць перадаваць прывітаньне яму
і Дзьмітрыю Дашкевічу. Ён спадзяецца, што ўсё ж такі Андрэя Саньнікава
выпусьцяць, а другім можа быць Алесь Бяляцкі. Гэта ягоныя спадзяваньні».
Пра сябе Мікалай Статкевіч напісаў мала, кажа Марына Адамовіч:
«У яго заўсёды ўсё добра. Ён піша, што і сэрца яго ўжо амаль не турбуе, хіба што
Ад Андрэя Саньнікава сваякі атрымалі некалькі кароткіх лістоў, у якіх, аднак, мала зьвестак менавіта пра самога аўтара. Не пусьцілі на сустрэчу з Саньнікавым і ягонага адваката. Абаронцу сказалі, што Саньнікаў працуе на вытворчасьці.
Ірына Халіп: «Рукавіцы шые. Як Хадаркоўскі ў Краснакаменску. У наваполацкай калёніі зьбіваў скрыні, а тут шые рукавіцы».
Палітвязень Зьміцер Бандарэнка даслаў ліст, у якім патлумачыў, чаму не пазваніў мінулым разам дамоў.
Ці зьмянілася абстаноўка вакол Зьмітра пасьля таго, як ён падпісаў прашэньне аб памілаваньні, зь лістоў незразумела. «Быццам усё па-ранейшаму», — кажа Вольга. А вось здароўе мужа яе непакоіць — яно пагоршала:
«Баліць паясьніца, і гэта яго непакоіць. Пасьля апэрацыі нага ў яго як балела, гэтак і баліць, але боль у паясьніцы часова зьнікла. А цяпер аднавілася. І гэта вельмі дрэнна».
Маці маладафронтаўца Эдуарда Лобава Марына зноў не атрымала ад яго лістоў, як не было на гэтым тыдні і званку ад сына. Аднак прывітаньне ёй ад сына перадала маці вязьня Аляксандра Францкевіча, актывіста анархісцкага руху, якога таксама трымаюць у івацэвіцкай калёніі.
«Добра, што хоць гэтак дае знак, што ўсё нармальна, — кажа Марына Лобава і дадае: — Ва ўсякім разе, калі параўноўваць з Саньнікавым ці Дашкевічам, то быццам нармальна».
На гэтым тыдні стала вядома, што Зьмітра Дашкевіча ў глыбоцкай калёніі пакаралі карцэрам. Зьвестак адтуль ад палітвязьня няма.