Магілёўскі вернік скардзіцца ў пракуратуру
Пакуль Ленінскі РАУС па ініцыятыве суддзі Станіслава Шандаровіча дапрацоўвае матэрыялы справы, праваслаўны вернік Максім Алямоўскі скардзіцца ў пракуратуру з нагоды сфабрыкаванай супраць яго адміністрацыйнай справы за адмову ад дакталаскапіі.
Максім адзначае, што міліцыянты абвінавацілі яго ў парушэнні арт. 23.4 КаАП “Непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі” і перадалі справу ў суд, аднак у судзе былі выяўлены факты шматлікіх парушэнняў і справа накіравана на дапрацоўку.
Сваю адмову ад дакталаскапіі ён тлумачыць рэлігійнымі перакананнямі. З гэтай жа самай нагоды ад 2003 года ён адмаўляецца атрымліваць пашпарт. Ён выступае супраць прапісанага ў ім ідэнтыфікацыйнага нумару.
“Па-першае, форма абавязальніцтва для праходжання дакталаскапіі з’яўляецца самаробнай і не адпавядае арыгіналу. Абавязальніцтва, якое існуе паводле стандарту, на праходжанне дакталаскапіі, я не атрымліваў. Калі да мяне дамоў прыходзіў участковы з просьбай прайсці дакталаскапію, я адмовіўся. Пратакол я не падпісваў. Аднак пры азнаямленні з матэрыяламі справы стала вядома, што панятымі ў пратаколе выступаюць міліцыянты, якіх побач увогуле не было. Справа ў дачыненні да мяне была заведзена з нагоды рапарта старэйшага лейтэнанта Логвінава, у якім ён вынес мне “абавязальніцтва” прайсці дакталаскапію. Міліцыянт блытаецца, абавязальніцтва не выносіцца, а бярэцца”, - гаворыць Максім Алямоўскі.
“Міліцыянты званілі цягам году, пагражалі, уводзілі мяне ў падман, дабіваючыся ад мяне прахаджэння дакталаскапіі. Аднойчы двое міліцыянтаў прыйшлі ў начны час і прынеслі бланк пратаколу апытання і прасілі яго падпісаць, што я адмаўляюся ад дакталаскапіі. Яго я не падпісаў. Тым болей, што законам не выпрацавана працэдура праходжання дакталаскапіі. Яна нідзе не надрукавана. Таксама не ўстаноўлены тэрміны для яе праходжання”, - працягвае праваслаўны вернік.
“У абавязальніцтве было ўпісана маё прозвішча, аднак не маёй рукой. Подпісу пад ім я не ставіў. Я разумею, што той, хто падпісваецца, сам сваёй рукой мусіць ўпісваць сваё прозвішча і ініцыялы. У матэрыялах справы, з якім я азнаёміўся падчас судовага пасяджэння, няма маіх распісак і іншых доказаў таго, што гэтыя дакументы мне ўручаліся”, - адзначае Максім.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што тыднем раней сваяк Максіма Алямоўскага за такую ж самую сітуацыю быў пакараны штрафам у памеры 700 тысяч рублёў.
“Той жа самы суддзя, не адпраўляючы справу на дапрацоўку, аштрафаваў верніка. Той вернік цяпер будзе абскарджваць у абласным суддзе ягонае рашэнне. Будзем сачыць за гэтым працэсам і дапамагаць вернікам”, - гаворыць Барыс Бухель.