16 чэрвеня затрыманы намесьнік старшыні партыі БНФ, прафесар Юры Хадыка Ю.Хадыку пагражае персьпектыва знаходзіцца ў сьпецпрыёмніку на працягу месяца
16 чэрвеня асобы ў цывільным (не прад’явіўшы ніякіх дакументаў) выцягнулі прафесара Юрыя Хадыку з асабістага аўтамабіля і сказалі, што павязуць у суд. Прафесра Ю.Хадыку адвезьлі ў суд Савецкага раёну г.Мінска да суддзі Аксаны Рэлява, якая паведаміла яму, што будзе разглядаць адміністратыўныя матэрыялы, складзеныя на Хадыку па артыкулу ”непавага да суда”. Юры Хадыка заявіў хадайніцтва пра ўдзел адваката. У сувязі з гэтым суддзя А.Рэлява перанесьла разгляд справы на 2 ліпеня. Але Ю.Хадыку не адпусьцілі, а адвезьлі ў сьпецпрыёмнік-разьмеркавальнік на вул. Акрэсьціна, таму што ў адносінах да яго ёсьць уступіўшая ў законную сілу пастанова суддзі Руслана Казадаева (таго ж суда Савецкага раёну) пра 15-ці сутачны адміністратыўны арышт за ўдзел 12 сакавіка ў сацыяльнай акцыі Народны марш “За лепшае жыцьцё”, дзе Хадыка выступіў і заклікаў усіх прыняць удзел у акцыі 25 сакавіка. Суддзя Казадаеў разгледзеў 12 траўня справу Хадыкі ў ягоную адсутнасьць, чым парушыў патрабаваньні Адміністратыўнага Кодэксу. І гэта адбылося ў апошні дзень двухмесячнага тэрміну, напрацягу якога можна было Хадыку прыцягнуць да адказнасьці. Рашэньне суда Савецкага раёну было абскарджана ў Мінскім Гарадскім судзе, які не задаволіў скаргу. Гаоврыць юрыст Грамадскага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” Валянцін Стэфановіч: “Зараз будуць прынятыя меры для абскарджваньня ў Вярхоўным судзе. Паглядзім, што Вярхоўны суд адкажа. А 2 ліпеня трэба рыхтавацца да адмінісітратыўнага працэсу. Варта нагадаць, што артыкул “непавага да суда” таксама прадугледжвае арышт да 15 сутак.. Такім чынам Хадыку пагражае персьпектыва знаходзіцца ў сьпецпрыёмніку на працягу месяца”.
Да 2 ліпеня Хадыка будзе знаходзіцца ў сьпецпрыёмніку разьмеркавальніку.