У Гародні забаранілі пікет у падтрымку палітвязняў
Гарадзенскім праваабаронцам Віктару Сазонаву і Раману Юргелю гарадскія ўлады адмовілі ў дазволе на правядзенне пікету ў падтрымку палітвязняў, які планавалася правесці 8 сакавіка. Гарвыканкам афіцыйным лістом за подпісам намесніцы старшыні Ірыны Сенчанковай не даў згоды на правядзенне такога пікету ў Румлёўскім парку, спаслаўшыся на тое, што заяўнікі не прынялі належных мераў па арганізацыі бяспечных умоваў правядзення заяўленага мерапрыемства.
Правабаронца Віктар Сазонаў, які падаваўся адказным за правядзенне пікету, лічыць такую адмову неабгрунтаванай: “Не магу зразумець, якія нормы мы не выканалі. Галоўны дакумент краіны гарантуе нам такое права. А чыноўнікі прыдумваюць усё новыя патрабаванні да заяўнікаў. Як так пойдзе далей, то яны хутка будуць патрабаваць зрабіць прагноз надвор’я на заяўлены дзень. Пікет быў заяўлены ў вызначаным рашэннем гарвыканкаму месцы, заява пададзена ў належны тэрмін. Лічу, што мясцовае начальства проста не адважваецца даць дазвол на мерапрыемства, якое звязанае з палітычнымі зняволенымі”.