БХК атрымаў скаргу на катаванні на Валадарцы
Беларускі Хельсінскі камітэт просіць Генпракуратуру праверыць інфармацыю аб прымяненні катаванняў у СІЗА № 1 Мінска на вуліцы Валадарскага.
Як паведаміў кіраўнік юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла, адпаведная заява накіравана ў Генпракуратуру па скарзе на катаванні з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў ад Сяргея Гафарава. Ён утрымліваецца ў СІЗА №1. Гафараў быў затрыманы 29 верасня 2010 года па падазрэнні ў падбухторванні да дачы хабару. Пры затрыманні яму былі нанесеныя цялесныя пашкоджанні, факт наяўнасці якіх пацверджаны дадзенымі судмедэкспертызы. Па словах Гары Паганяйлы, няма падстаў не давяраць Сяргею Гафараву, там што яго ліст прайшоў праз рукі адміністрацыі СІЗА.
- Мы можам заявіць, што мы не прыдумваем гэтыя факты, мы канстатуем, зыходзячы з таго, што да нас прыходзіць, па тых звестках, якімі мы валодаем. Вядома, арганізаваць поўнамаштабную праверку не ў нашых сілах. Тым не менш, па кожнаму такому выпадку мы спрабуем звязацца і з адвакатамі асуджаных, і са сваякамі, і з адміністрацыяй, і з кім заўгодна, толькі б займець падобную інфармацыю. Калі такая інфармацыя маецца, то ставім пытанне перад прокуратурай аб пракурорскай праверцы, аб пракурорскім рэагаванні.
Сяргей Гафараў, які скардзіцца ў БХК, заяўляе, што факты збіцця падследных супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, у тым ліку ў СІЗА, носяць сістэматычны характар. Гафараў піша, што пры затрыманні і пасля на яго "аказваўся фізічны і псіхалагічны ціск, былі нанесеныя цялесныя пашкоджанні". Раней Гафараў ужо звяртаўся ў органы пракуратуры з просьбай прыцягнуць вінаватых за яго збіццё да адказнасці, аднак ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена, паведаміў прадстаўнік БХК Гары Паганяйла.