Паход у выканкам ледзь не скончыўся адміністрацыйным пратаколам
Сёння, 28 лютага, у Баранавіцкім гарвыканкаме быў затрыманы грамадскі актывіст Рыгор Грык. У 13 гадзін 25 хвілін ён зайшоў у гарвыканкам (пл. Леніна, д.2), каб аддаць зварот грамадзянаў да гарадскіх уладаў з мэтаю навядзення парадку на Цэнтральным кірмашы (там гандлююць фруктамі нават у моцныя маразы і ў нявызначаных месцах). Грамадскага актывіста спыніў супрацоўнік міліцыі прапаршчык Аляксандр Шытко і стаў правяраць сумку, у якой былі падпісныя лісты і пакунак недзяржаўнай газеты “Новы час”. Другі супрацоўнік міліцыі кансультаваўся са сваім начальствам па тэлефоне па пытанні складання адміністрацыйнага пратаколу – актывіст так і не зразумеў: за што.
- Мяне ўбачыла загадчыца ідэалагічнага аддзела гарвыканкама Таццяна Жытко. Па яе загаду каля 20 хвілін міліцыянеры правяралі ў мяне сумку і дакументы, трымалі на першым паверсе ў гарвыканкаме, а затым адпусцілі,- паведаміў Рыгор Грык.