viasna on patreon

Міліцыя затрымала распаўсюдніцу газэты «Наш Дом инфо»

2012 2012-02-28T12:53:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 лютага каля 19 гадзін вечара ў Віцебску па адрасе вул. Церашковай, дом 14 кор. 1 супрацоўнікамі міліцыі была затрыманая добраахвотная памочніца грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Ганна Гадлеўская. Валантэрка распаўсюджвала бясплатную газэту «Наш Дом инфо». Нумар «Інструкцыя па эксплуатацыі дэпутата» прысьвечаны правам выбаршчыкаў і абавязкам дэпутата і падрыхтаваны ў межах кампаніі «Дэпутатаў - да адказу!»

Супрацоўнік міліцыі быў бяз формы, ён паказаў пасьведчаньне і выклікаў па тэлефоне нарад міліцыі. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі, даставілі актывістку ў Кастрычніцкі РАУС, склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэньні нібыта за незаконны распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі. Міліцыянты канфіскавалі ў актывісткі 430 асобнікаў газэты. У РАУС Ганну Гадлеўскую пратрымалі амаль 3 гадзіны: міліцыянты доўга пералічвалі газэты.

Кіраўніца кампаніі Вольга Карач адзначае, што гэта ня першае гэткае затрыманьне: «Зусім нядаўна супрацоўнікі сілавых структур (міліцыянты, супрацоўнікі ДАІ і КДБ) сумесна “прэсавалі” журналістаў і распаўсюднікаў газэты “Віцебскі кур’ер”. Цяпер у зоне павышанай увагі “Наш Дом инфо”. Я зьвязваю гэтае затрыманьне са зьместам нумару - ён прысьвечаны барацьбе выбаршчыкаў супраць дэпутатаў, якія не выконваюць ні свае перадвыбарныя абяцаньні, ні свае абавязкі. Для цяперашніх слугаў народу падобныя інфармацыйныя матэрыялы ўяўляюць рэальную небясьпеку, бо яны могуць справакаваць хвалю скаргаў і зваротаў. А ўлічваючы нядаўнюю заяву Лукашэнкі, які адзначыў, што ў парлямэнт патрапяць толькі дэпутаты “без сучка і задзірынкі ў сваёй працы з насельніцтвам, у выбарчых акругах», народныя выбраньнікі са скаргамі ад насельніцтва проста пазбавяцца сваіх крэслаў».

Паводле nash-dom.info

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства