Віцебскія актывісты абскарджваюць у судзе адмову на правядзенне Дня Волі
Гарвыканкам забараніў правядзенне шэсця і сходу на Дзень Волі. Заяўнікі акцый лічаць адмову незаконнай і хочуць дамагчыся яе адмены. Таксама яны просяць суд абавязаць ЖКГ, міліцыю і медычных работнікаў заключыць дамовы на абслугоўванне мерапрыемстваў, бо дагэтуль іхнія звароты неаднаразова ігнараваліся.
Заяўку на правядзенне шэсця і сходу 25 сакавіка віцебскія актывісты падалі загадзя, падкрэслівае адзін з заяўнікаў, Аляксей Гаўруцікаў:
"Калі мы падавалі заяўкі на мінулыя акцыі – на 19 снежня мінулага году, каб прадэманстраваць салідарнасць з палітвязнямі, -- з гарвыканкаму нам адказалі са спазненнем на пяць дзён. Гэтым разам мы хочам мець час, каб абскардзіць адмову ў судзе. Нам адмовілі на той падставе, што месцы, дзе мы хочам правесці сход і шэсце, не ўваходзяць у пералік тых, што вызначаны для правядзення масавых акцый. Але ж у рашэнні гарвыканкаму №881 ад 10.07.2009 году сказана, што у кожным канкрэтным выпадку разглядаецца магчымасць дазволу на акцыі ў іншых месцах горада. Тым болей, што мы хочам правесці імпрэзы паслядоўна на тэрыторыях двух раёнаў Віцебску. Аднак наш выпадак ніхто асобна не разглядаў, і мы атрымалі стандартную адпіску".
Аляксей Гаўруцікаў звяртае ўвагу і на іншыя неадпаведнасці і парушэнні, звязаныя з адмовай:
"Цікава, што ў міліцыі з намі не сталі заключаць дамову на абслугоўванне мерапрыемства на падставе таго, што нам адмовіў гарвыканкам. Але ліст з гарвыканкаму мы атрымалі на два дні пазней, чым з міліцыі, дзе, атрымліваецца, ведалі ўсё наперад. З паліклінікі нам не адказалі ўвогуле, хаця ўсе законныя тэрміны ўжо прамінулі. А з гарадской службы ЖКГ, куды нас адсылае рашэнне гарвыканкаму наконт масавых мерапрыемстваў, нам адказалі, што мы ўвогуле звяртаемся не па адрасе. Маўляў, прыборкай гарадскіх тэрыторый у нас займаецца асобнае прадпрыемства "Гардармост".
Заўважаныя супярэчнасці віцебскія актывісты хочуць вынесці на разгляд суду, каб усе ж мець магчымасці праводзіць у горадзе масавыя акцыі. Цягам апошніх двух гадоў гарвыканкам і ўсе тры раённыя адміністрацыі не далі апазіцыянерам ніводнага дазволу на пікеты, мітынгі, шэсці або сходы.