Слонімцы падалі заяву на мітынг 25 сакавіка
Сёння, 7 сакавіка, сябры дэмакратычнага згуртавання Слоніма звярнуліся з заявай у Слонімскі райвыканкам аб правядзенні ў гарадскім парку 25 сакавіка масавага мерапрыемства, прысвечанага Дню Волі. Мэта масавага мерапрыемства, як гаворыцца ў заяве, — публічнае адзначэнне ўгодкаў абвяшчэння БНР, а таксама абмеркаванне і выказванне грамадзянамі свайго стаўлення да бягучых праблемаў грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі. Плануецца, што ў мерапрыемстве прымуць удзел каля 100 чалавек.
Калі Слонімскі райвыканкам не дазволіць правядзення мітынгу, як гэта адбываецца ў апошнія гады, слонімцы ўсе роўна адзначаць свята. У гэты дзень запланавана наведванне магілы кіраўніка паўстання 1830-1831 гадоў Міхала Валовіча ў вёсцы Парэчча і футбольны турнір паміж камандамі партыйных суполак, якія дзейнічаюць на Слонімшчыне.