Сіўчыка трымаюць у турме незаконна
У сувязі з тым, што 6 верасьня Менскі гарадзкі суд прыняў пастанову, якая адмяняе прысуд Цэнтральнага суду Вячаславу Сіўчыку, можна казаць аб яго незаконным адміністрацыйным арышце з 12 па 15 верасьня. Яшчэ цяпер не вядома, на якіх падставах Сіўчык знаходзіцца ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вул. Акрэсьціна.
Адвакат арыштаванага Аляксандр Галіеў зьвярнуўся ў суд за інфармацыяй аб новай даце разгляду адміністрацыйнага пратаколу. Аднак яму паведамілі, што кіраўніцтва суда забараніла даваць інфармацыю і трэба дасылаць пісьмовы запыт.
Нагадаем, Вячаслава Сіўчыка завочна судзілі 19 траўня за ўдзел у сакавіцкай акцыі апазыцыі на Кастрычніцкай плошчы. 12 верасьня яго затрымалі ў кавярні і адвезьлі ў турму на Акрэсьціна, дзе ён знаходзіцца дагэтуль.