viasna on patreon

Зварот навучэнцаў ліцэя імя Якуба Коласа да Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сп. Урала Латыпава і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сп. Аляксандра Лукашэнкі

2003 2003-06-18T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 чэрвеня 2003 г.

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
сп. У.Латыпаву
Копія: Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь
сп. А.Лукашэнку

навучэнцаў
Нацыянальнага дзяржаўнага
гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа

З А Я В А.

Як нам стала вядома, загадам міністра адукацыі на пасаду дырэктара НДГЛ
імя Я. Коласа прызначана сп-ня Т.Шчарбачэвіч. Фармальна пасада дырэктара
заставалася вакантнай на працягу некалькіх гадоў, але фактычна ліцэем кіраваў
сп. У.Колас – яго стваральнік. Ён сабраў унікальны калектыў выкладчыкаў, якому
няма роўных у іншых сярэдніх школах нашай краіны: лаўрэат Дзяржаўнай прэміі
Беларусі і нямецкіх ордэнаў, перакладчык гётэўскага “Фаўста” Васіль Сёмуха,
доктар філалагічных навук, прафесар Міхась Тычына, знаўцы моваў, перакладчыкі,
сябры Саюза пісьменнікаў Лявон Баршчэўскі і Уладзімір Шатон, кіраўнік
рэспубліканскай каманды для ўдзелу ў міжнародных алімпіядах па геаграфіі Ірына
Сідарэнка і многія іншыя. У.Колас і Л.Баршчэўскі ў супрацы з іншымі
спецыялістамі напісалі Канцэпцыю гуманітарнай адукацыі, якая была ўхвалена
Міністэрствам адукацыі як дакумент, абавязковы для сярэдніх навучальных
установаў новага тыпу.

Не здзіўляйцеся, што мы, вучні, ведаем і пералічаем такія звесткі: у ліцэі нас
вучаць глыбіні і дакладнасці ведаў, а галоўнае – самастойнасці мыслення.
Менавіта таму мы перамагаем у міжнародных алімпіядах, чым умацоўваем славу
нашай дзяржавы. На Міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі, напрыклад, каманда,
складзеная фактычна з ліцэістаў, паказала беларускую культуру на такім узроўні,
што пра Беларусь даведаліся не толькі як пра краіну ў цэнтры Еўропы, але і як
пра краіну з разумным цывілізаваным еўрапейскім народам. Зараз беларускай
каманда па геаграфіі, у складзе якой амаль усе нашы ліцэісты, збіраецца у
Флорыду на Міжнародную школьную алімпіяду. Чаму гэтыя навучэнцы вымушаныя зараз
перажываць стрэс ад зменаў, якія напаткалі ІХ ліцэй?!

Мы ведаем, што фінансаванне ліцэя ніяк нельга назваць дастатковым. Яго не хапае
нават на самы элеметарны рамонт фасаду. Нашы выкладчыкі не ганяюцца за грашыма,
бо працуюць толькі з адной мэтай: перадаць свае веды моладзі і выхаваць
рознабакова развітых людзей. Менавіта дзякуючы гэтаму, у ліцэі ўтульна і
педагогам, і навучэнцам.

Мы не разумеем, чаму Міністэрства адукацыі хоча разбурыць наш Дом! Адкажыце: ці
ведаеце ў Беларусі Вы яшчэ хоць адну ўстанову, дзе дзеці б школу называлі
Родным домам? Мы не разумеем гэтых неабгрунтаваных зменаў, у тым ліку
прызначэння невядомай нам спн. Т. Шчарбачэвіч. Мы любім сваю краіну, мы любім
свой ліцэй і хочам тут нармальна вучыцца, як і раней. Мы ж бачым будучыню
нашага ліцэя толькі пад кіраўніцтвам У. Коласа.

Відавочна, што Міністэрства адукацыі не ў стане вырашыць сітуацыю, не ў стане
адказаць на канкрэтныя пытанні, таму мы звяртаемся да Вас з просьбаю паспрыяць
вырашэнню канфлікта. Так лічам не адны мы: так думаюць нашы бацькі, у гэтым
упэўнены нашы педагогі. Калі ж пытанне не будзе разгледжана, то выкладчыкі ўсе
проста сыдуць з нашага ліцэя, што ні нам, ні Вам не патрэбна. У выніку можа
быць знішчана унікальная ва ўсёй Беларусі ўстанова, вядомая далёка за яе
межамі, а гэта проста нельга дапусціць.
Спадзяёмся на вашае разумнае рашэнне.

Навучэнцы НДГЛ імя Якуба Коласа

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства