У Лёзна «Дажынкі» адсвяткавалі за кошт жыхароў
Актывіст грамадзянскай кампаніі «Наш Дом» Мікалай Петрушэнка звярнуўся ў пракуратуру Віцебскай вобласці. Нагодай стала публікацыя ў Лёзненскай раённай газеце «Сцяг Перамогі».
У ёй дырэктар УП ЖКГ Аляксандр Карнейчык растлумачыў, «бюджэтныя сродкі, якія выдзяляюцца ў бягучым годзе, а ў 2012-м гэта больш 576 мільёнаў рублёў, пойдуць на пагашэнне запазычанасці перад арганізацыямі-падрадчыкамі, якія працавалі на аб'ектах раёна ў ходзе падрыхтоўкі да фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2011».
Таму ў планах на гэты год капітальныя рамонты жылых дамоў
не прадугледжаныя.
Выходзіць, што абласныя «Дажынкі» ў кастрычніку мінулага года аплацілі з кішэні
жыхароў Лёзна. Тады на аб'ектах працавалі 14 падрадных арганізацый з Віцебска,
Оршы, Полацка ... Адрамантаваць і мадэрнізаваць патрабавалася больш за 70
аб'ектаў на суму амаль 40 мільярдаў рублёў. Зараз жыхары выпадкова даведаліся,
за чый кошт павесяліліся і палюбаваліся на марафет госці і перадавыя
механізатары.
Аднак, пытанні на думку Мікалая Петрушэнкі застаюцца. У прыватнасці, перакідванне бюджэтных сродкаў з аднаго артыкула на іншы, а ўжо тым больш выкарыстанне на іншыя мэты сродкаў, прызначаных для капрамонту, зусім не ўваходзяць у кампетэнцыю ЖКГ. А артыкул 11.69 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях устанаўлівае адказнасць за нямэтавае выкарыстанне або выкарыстанне з парушэннем заканадаўства адлічэнняў на капітальны рамонт - штраф ад 10 да 30 базавых велічынь.
Слова застаецца за пракуратурай.