viasna on patreon

Беларусь зноў прызнана ворагам інтэрнэта (+ тэкст справаздачы)

2012 2012-03-12T21:17:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/world-day-against-cyber-censorship-2012.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міжнародны дзень барацьбы супраць цэнзуры ў Сеціве

Міжнародны дзень барацьбы супраць цэнзуры ў Сеціве

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Reporters without Borders (“Рэпарцёры без межаў”) унесла Беларусь у спіс краін, якія з’яўляюцца “ворагамі інтэрнэта”. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы арганізацыі, якая апублікаваная 12 сакавіка. Акурат у гэты дзень адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы супраць цэнзуры ў Сеціве (World Day Against Cyber-Censorship).

“У Беларусі рэжым прэзідэнта Лукашэнкі ўзмацняе кантроль над інтэрнэтам, пакуль краіна далей паглыбляецца ў палітычную ізаляцыю і эканамічны застой. Інтэрнэт-прастора, якую выкарыстоўваюць для распаўсюджвання інфармацыі і мабілізацыі пратэстаў, сур'ёзна пацярпела, калі ўлады адрэагавалі на “рэвалюцыю праз сацыяльныя медыя”. Спіс заблакаваных вэб-сайтаў вырас, інтэрнэт часткова блакаваўся падчас "маўклівых пратэстаў”. Некаторыя беларускія інтэрнэт-карыстальнікі і блогеры былі арыштаваныя, іншыя былі запрошаныя на “прафілактычныя гутаркі” ў міліцыю — як спроба прымусіць іх спыніць дэманстрацыі і расповеды пра іх. Урад выкарыстоўваў Twitter-паведамленні з мэтай запалохаць дэманстрантаў, а асноўны правайдэр замест доступу да анлайн-сацыяльнай сеткі “Вконтакте” пераадрасоўваў на сайты, якія змяшчаюць шкодныя праграмы. Закон № 317-3, які ўступіў у сілу 6 студзеня 2012 года, замацаваў назіранне за Сецівам і захады кантролю”, — адзначаецца ў рэлізе арганізацыі.

Рашэнне “Рэпарцёраў без межаў” “Новаму часу” пракаментаваў намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец.

— Мы бачым, што з 2010 года кантроль за дзейнасцю ў інтэрнэце робіцца больш жорсткім. Тут можна назваць дзве лініі: адна — гэта заканадаўчыя, прававыя абмежаванні дзейнасці ў інтэрнэце, і тут апошняе, што ўзгадваецца, — гэта змяненні ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях, якія ўстанавілі адказнасць за парушэнне Указа № 60 прэзідэнта Беларусі. І другая, што, верагодна, яшчэ больш важна, — гэта тое, што ўлады рэзка ўзмацнілі сваю прысутнасць у інтэрнэце. І, да прыкладу, тыя акцыі, што ладзіліся праз сацыяльныя сеткі, — акцыі маўклівага пратэсту, акцыі “Стоп — бензін!” — яны адсочваліся сілавымі структурамі, і ўдзельнікі гэтых сеткавых супольнасцяў выклікаліся на размовы, допыты і гэтак далей. Гэта, на маю думку, і сталася адной з прычынаў таго, што было прынятае менавіта такое рашэнне ў дачыненні да Беларусі.

— Якая сёння ўвогуле сітуацыя з інтэрнэт-супольнасцю ў Рэспубліцы Беларусь?

— З аднаго боку, інтэрнэт у Беларусі развіваецца. З іншага боку, развіваецца і ўзмацняецца кантроль за дзейнасцю ў інтэрнэт-галіне. Але інтэрнэт пакуль што застаецца самай свабоднай галіною інфармацыйнае прасторы Беларусі, і відавочна, што гэта вельмі не падабаецца ўладам.

— А ці магчымыя зараз больш радыкальная спробы ўладаў заціснуць шрубы для інтэрнэт-супольнасці?

— Я не ўпэўнены, што менавіта зараз, у самы найбліжэйшы час, магчымыя нейкія больш радыкальныя крокі з боку ўладаў кшталту “кітайскае сцяны”. Я мяркую, што гэта будзе паступовае зацягванне шрубаў.

— Як гэта можа выглядаць на практыцы?

— А што мы маем сёння? Сёння мы маем тое, што шэраг сайтаў унесены ў “чорныя спісы”, і доступ да іх блакуецца ў дзяржаўных установах — установах адукацыі і культуры. Можна меркаваць, што такі спіс будзе толькі пашырацца. З іншага боку, мы бачым, што падчас масавых мерапрыемстваў блакуецца доступ да пэўных сайтаў, якія асвятляюць гэтыя мерапрыемствы, і гэта будзе працягвацца і надалей. Але самая вялікая небяспека, якая існуе ўжо з 2009 года, гэта калі будзе прынятая пастанова ўраду аб рэгуляванні дзейнасці і рэгістрацыі СМІ, якія распаўсюджваюцца праз інтэрнэт. Узнікае вельмі шмат пытанняў і наконт лёсу гэтай пастановы, і наконт магчымасці яе прыняцця. Хаця і гучалі запэўніванні, што такая пастанова можа быць і не прынятая, але і гучалі супрацьлеглыя заявы з вуснаў міністра інфармацыі, і гэта ёсць адной з самых вялікіх пагрозаў для беларускага інтэрнэта. Менавіта інфармацыйнага інтэрнэта.

Нагадаем, што апроч Беларусі, у спісе краін-ворагаў інтэрнэту фігуруюць яшчэ дзесяць дзяржаваў — Бахрэйн, В’етнам, Іран, Кітай, Куба, М’янма, Паўночная Карэя, Саудаўская Аравія, Сірыя, Туркменістан, Узбекістан. “Цудоўная”, як бачым, кампанія!

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства